У аўторак, 21 лістапада, завяршаецца этап вылучэння прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі (ТВК), якія ствараюцца для правядзення выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў 28 склікання. Як правіла, колькасны склад камісій складае ад 7 да 13 сябраў.
Згодна з выбарчым заканадаўствам, права вылучаць сваіх прадстаўнікоў у камісіі маюць зарэгістраваныя палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні, а таксама – пры наяўнасці рашэння сходу, якое падтрымала не меней чым 10 чалавек – працоўныя калектывы і асобныя грамадзяне. Абавязковая ўмова – праца альбо сталае жыхарства на тэрыторыі, якая ўваходзіць у склад ствараемай тэрытарыяльнай камісіі.
У адпаведнасці з Каляндарным планам мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у мясцовыя Саветы, да 24 лістапада мясцовыя ўлады павінны правесці арганізацыйныя паседжанні і заснаваць тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. На мясцовых выбарах будзе арганізавана 1309 тэрытарыяльных камісій.
Назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” актыўна падаюць заявы на рэгістрацыю іх назіральнікамі на першыя паседжанні абласных, раённых і гарадскіх Саветах дэпутатаў.
Па інфармацыі Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў (ЦВК), агульная колькасць ствараемых Саветаў усіх узроўняў на мясцовых выбарах складае 1309. Будзе створана 18 111 выбарчых акруг, найбольшую долю з якіх складуць сельскія выбарчыя акругі (13224) і раённыя акругі (3768).
Галасаванне на выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў 28 склікання адбудзецца ў Беларусі 18 лютага 2018 года.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Крыніца: Завяршаецца падрыхтоўчы этап выбарчай кампаніі – вылучэнне прадстаўнікоў у ТВК