Самарэзы. Фота: sk.gov.by Суд Фрунзенскага раёна Мінска разглядае крымінальную справу ў дачыненні да двух мінчанак, якіх абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага   часткай 2 артыкула 339 Крымінальнага кодэксу (злоснае хуліганства), а таксама ч.1 арт. 14 КК (замах на здзяйсненне злачынства).

Справу разглядае суддзя Юлія Блізнюк, дзяржабвінаваўца – памочнік пракурора Аліна Касьянчык. Менавіта яна выступала дзяржабвінаваўцай па справе журналістак Дар'і Чульцовай і Кацярыны Андрэевай,  а раней - па справе надпісаў "Не забудзем" каля станцыі метро “Пушкінская”.

На лаве падсудных – жыхаркі Мінска Анастасія Нікіціна і Святлана Лабунская.

Нікіціна да суда знаходзілася пад вартай, мае двух непаўнагадовых дзяцей, Лабунская з 30 снежня - пад хатнім арыштам.

Па матэрыялах следства, жанчыны, груба парушаючы грамадскі парадак, у складзе групы асоб раскідалі 13 снежня каля 45 металічных самарэзаў на тэрыторыі каля пракуратуры Мінска на вул. Якубоўскага, 20.

Аўтамабіль, за рулём якога быў пацярпелы Клінцэвіч, напароўся на гэтыя самарэзы, былі прабітыя два колы. Матырыяльны ўрон склаў 36 рублёў 18 капеек.

27 снежня жанчыны ізноў намерваліся паўтарыць свае дзеянні, аднак былі затрыманыя.

“Дзве 40-гадовыя жанчыны раскідалі самарэзы каля брамы адміністрацыйнага будынка ў Фрунзенскім раёне сталіцы з мэтай пашкоджання аўтамабіляў, якія выязджаюць. Давесці свой намер да канца мінчанкам не ўдалося, паколькі яны былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі на месцы здарэння,” - паведамляў Следчы камітэт.

Сваю віну ў здзейсненым жанчыны прызналі цалкам.

Будзе дапоўнена.

Крыніца: "Раскідвалі самарэзы каля пракуратуры Мінска". Двух мінчанак абвінавачваюць у хуліганстве