Увечары першага сакавіка ў Мінску быў затрыманы праваабаронца і сябра Рады Праваабарончага цэнтру “Вясна” Зміцер Салаўёў, які напярэдадні выйшаў на волю пасля адміністрацыйнага арышту. Яго даставілі ў Следчы камітэт, дзе дапыталі ў якасці падазраванага па крымінальнай справе па арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак). Пасля допыту Змітра адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.
Нагадаем, што падчас масавага нападу на праваабаронцаў і журналістаў 16 лютага ў дом Змітра Салаўёва пад Мінскам уварваліся супрацоўнікі АМАПу і ГУБАЗіКа і правялі ператрус, канфіскавалі тэхніку. Ператрус адбываўся ў межах крымінальнай справы па арт. 342 КК РБ.
Пасля ператрусу праваабаронца быў затрыманы. Пры затрыманні і ў мікраатоўтобусе па дарозе ў ІЧУ яго збівалі.
18 лютага Салаўёў быў асуджаны на 12 сутак арышту па арт. 23.34 КаАП. На яго доме ўбудаваны бетонны барэльеф з "Пагоняй", і суддзя суда Мінскага раёна Анжаліка Казлова палічыла гэта пікетаваннем. 28 лютага яго вызвалілі з ізалятара часовага ўтрымання.
Ранішні напад на журналістаў і праваабаронцаў па ўсёй краіне.
Праваабаронцу "Вясны" пакаралі 12 суткамі арышту.
Крыніца: Праваабаронца "Вясны" Зміцер Салаўёў быў затрыманы зноў. Цяпер ён падазраваны па крымінальнай справе