Яўген Дзмітрыеў у судзе. Фота Радыё Свабоды У судзе Цэнтральнага раёна г. Мінска працягваецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Яўгена Дзмітрыева, які 4 кастрычніка прыняў удзел у пратэставай акцыі і кінуў металічную трубу ў вадамёт.

Пачаўся суд над палітвязнем Яўгенам Дзмітрыевым. Пацярпелыя не маюць патрабаванняў

У судзе Цэнтральнага раёна г. Мінска 23 лютага пачаўся судовы працэс над 26-гадовым палітвязнем Яўгенам Дзмітрыевым, якога абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 і арт. 364 Крымінальнага кодэкса за падзеі 4 кастрычніка, калі быў зламаны вадамёт.

У суд не з’явіўся сведка, таму на працэсе пачалі вывучаць пісьмовыя матэрыялы справы і рэчавыя доказы. Так як у матэрыялах утрымліваліся відэа з лагатыпам тэлеграм-канала Nexta, які быў прызнаны экстрэмісцкім, то судовы працэс у гэтай частцы зрабілі закрытым.

Пазней у судзе даў паказанні сведка, які быў знаёмы з Яўгенам Дзмітрыевым па ўдзелу ў мітынгах. Ён распавёў, што не бачыў абвінавачанага каля Стэла, а толькі падчас руху, апошні раз бачыў каля будынку ДАІ. Бачыў, як Дзмітрыеў крычаў і пляскаў у далоні, але не бачыў, каб той кідаў нечым у вадамёт, не бачыў яго ў счэпцы.

Пасля прайшлі спрэчкі бакоў

Па меркаванні дзяржаўнага абвінаваўцы, віна Яўгена Дзмітрыева даказаная паказаннямі пацярпелых, сведкі, пісьмовымі матэрыяламі і рэчывымі доказамі. Ён прасіў суд пакараць абвінавачанага па арт. 364 КК – двума гадамі пазбаўлення волі, па ч. 1 арт. 342 КК – адным годам пазбаўлення волі, а канчаткова прызначыць – два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыма.

Абодва пацярпелыя яшчэ раз падцвердзілі, што не адчувалі пагрозы свайму жыццю і здароўю, не маюць прэтэнзій да Яўгена Дзмітрыева. Прасілі суд улічыць, што раней абвінавачаны не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці. Выказалі непаразуменне, як адзін чалавек мог блакаваць дарогу, лічаць, што шкоду нанёс іншы чалавек, які скінуў ціск у вадамёта і зрабіў так, што вада палілася самастойна. Прасілі суд не караць строга. 

Абаронца выказаў меркаванне, што Яўгена Дзмітрыева нельга прыцягваць да адказнасці па арт. 364 Крымінальнага кодэкса, так як пацярпелыя – ваеннаслужачыя, якія не з’яўляюцца супрацоўнікамі органаў унутранных спраў, як тое напісана ў фармуліроўцы артыкула. Больш за тое, кідок трубой у заднюю частку аўтамабіля нельга расцэньваць як гвалт ці пагрозу прымянення гвалту, так як вайскоўцы знаходзіліся ў браніраванай машыне. Іншых пагрозаў Яўген Дзмітрыеў ніякім чынам не выказваў.

Па ч. 1 арт. 342 Крымільнага кодэкса абвінавачаны поўнасцю прызнаў сваю віну, аднак ён не збіраўся здзяйсняць злачынства: быў з дасяжным мабільным тэлефонам, без пальчатак, маска не закрывала твар, не было ў яго з сабой сімволікі і прадметаў для нападу. Таму яго дзеянні не могуць быць кваліфікаваныя як экстрэмісцкія, накіраваныя на распальванне неспакою у грамадстве, як гэта выклікаюць катаванні, растрэлы і жорсткасць з боку сілавікоў.

Абвінавачаны выйшаў на мітынг супраць гвалту: не гледзячы на адсутнасць судоў, якія падцвярджаюць гвалт з боку сілавікоў, нельга адмаўляць шматлікія публікацыі ў СМІ і інтэрнэце з гісторыямі пра такі гвалт.

Абаронца прасіў абвінавачванне па арт. 364 КК адмяніць, а па ч. 1 арт. 342 КК – прызначыць пакаранне без пазбаўлення волі.

Яўген Дзмітрыеў выступіць з апошнім словам 25 лютага ў 10.00.

Крыніца: Для палітвязня Яўгена Дзмітрыева пракурор запрасіў два гады пазбаўлення волі