Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет На пасяджэнні Савета ААН па правах чалавека 23 лютага Вярхоўны камісар ААН Мішэль Бачэлет нагадала ўдзельнікам, што смяротнае пакаранне мае незваротны і непапраўны характар. Аб гэтым паведамляецца на афіцыйным сайце ААН. 

"На сённяшні дзень няма ніяк доказаў таго, што смяротнае пакаранне больш эфектыўнае ў прадухіленні злачынстваў, чым любое іншае пакаранне. Наадварот, даследаванні паказваюць, што ў некаторых дзяржавах, якія адмянілі смяротнае пакаранне, колькасць забойстваў не змянілася ці нават знізілася", – заявіла Мішэль Бачэлет. 

Яна заклікала ўсе краіны свету адмовіцца ад жорсткай і нічым не апраўданай практыкі пакарання злачынцаў і абапірацца пры прыняцці такога рашэння на факты, а не здагадкі.  

Бачэлет вітала намер Казахстана адмяніць смяротнае пакаранне 

Мішэль Бачэлет вітала гатоўнасць Казахстана далучыцца да Факультатыўнага пратакола аб адмене смяротнага пакарання.

"Я з нецярпеннем чакаю афіцыйнай перадачы ратыфікацыйнай граматы ў ААН і заклікаю Казахстан унесці змены ў нацыянальнае заканадаўства, у тым ліку – папраўкі ў Канстытуцыю, і такім чынам прывесці яго ў адпаведнасць з пратаколам", – сказала Вярхоўны камісар. 

Яна таксама вітала абяцанне новай адміністрацыі ЗША працаваць над адменай смяротнага пакарання як на федэральным узроўні, так і на ўзроўні штатаў. 

"Ва ўсім свеце пераважная большасць дзяржаў з рознымі прававымі сістэмамі, традыцыямі, культурамі і рэлігіямі альбо адмянілі смяротнае пакаранне на заканадаўчым узроўні, альбо не ўжываюць яго на практыцы. У канцы мінулага года 123 дзяржавы прагаласавалі за рэзалюцыю Генеральнай Асамблеі аб мараторыі на ўжыванне смяротнага пакарання", – нагадала галоўная праваабаронца ААН.

Яна падкрэсліла, што ніхто не застрахаваны ад памылак, у тым ліку ў рамках судовай сістэмы. Але судовая памылка, якая прыводзіць да забойства чалавека, носіць незваротны характар. 

Смяротнае пакаранне не забаронена міжнародным правам. У Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах гаворыцца, што ў краінах, якія яшчэ не адмянілі смяротнае пакаранне, смяротныя прысуды могуць выносіцца толькі за "самыя цяжкія злачынствы". Злачынствы, якія не з'яўляюцца наўмысным забойствам, уключаючы злачынствы, звязаныя з наркотыкамі, або з тэрарызмам, але не спалучаныя з наўмысным забойствам, не павінны пацягнуць за сабой смяротнае пакаранне.

Смяротнае пакаранне ні ў якім разе не павінна прымяняцца ў якасці пакарання за такія негвалтоўныя дзеянні, як вераадступніцтва, блюзьнерства, вядзьмарства і аднаполыя адносіны.  

Беларусь, адзіная краіна ў Еўропе, дзе дагэтуль прымяняецца смяротнае пакаранне

Крыніца: У ААН заклікалі ўсе дзяржавы свету адмовіцца ад смяротнага пакарання