Суд Маскоўскага раёна Мінска 19 лютага пачаў разгляд крымінальнай справы супраць журналісткі Кацярыны Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Іх абвінавачваюць у разгалошванні медыцынскай таямніцы, што заключаецца ў паведамленні імі, што ў вечар бойкі Раман Бандарэнка не быў п'яны (ч. 3 арт. 178 КК). Гэтая версія не адпавядала пазіцыі МУС і СК. У першы дзень суда па хадайніцтву пракурора працэс зрабілі закрытым. Як перадае TUT.BY, гэта рашэнне тлумачыцца неабходнасцю пазбегнуць "выдавання ахоўнай законам медыцынскай таямніцы і дадзеных папярэдняга расследавання". Паведамляецца, што ў матэрыялах справы ёсць медыцынскія дакументы, "у тым ліку, якія раней не публікаваліся". Абвінавачаныя выступілі супраць закрыцця працэсу. Адвакат Кацярыны Барысевіч сказаў: "Маці Бандарэнкі з'яўляецца адзіным чалавекам, які можа даць ці не даць згоду на тое, каб суд быў адкрытым". Лекар Арцём Сарокін таксама выступіў за адкрыты працэс.

Фото: Belta via Reuters
Фота: Belta via Reuters

Маці Рамана Бандарэнкі, якая таксама хацела прысутнічаць у судовым пасяджэнні, у каментары «Еўрарадыё» сказала, што лічыць рашэнне суда несправядлівым:

"Я лічу, што ён павінен быць адкрытым, таму што ніякай таямніцы ні медычнай, ні нейкай няма. Я давала дазвол у самым пачатку, з усімі размаўляла і казала, каб як мага шырэй гэтая інфармацыя распаўсюджвалася".

Лекара Арцёма Сарокіна затрымалі 19 лістапада па справе аб разгалашэнні медыцынскай таямніцы, што пацягнула цяжкія наступствы (частка 3 артыкула 178 КК). У той жа дзень па гэтай жа справе затрымалі журналістку TUT.by, якая са словаў лекара, падмацаваных дакументамі, распавяла, што ў вечар бойкі Раман Бандарэнка не быў п'яны. Дзеянні Барысевіч кваліфікаваныя па частцы 5 артыкула 16 і частцы 3 артыкула 178 КК (саўдзел у разгалашэнні медыцынскай таямніцы, якое пацягнула цяжкія наступствы).

Арцём Сарокін і Кацярына Барысевіч прызнаныя палітычнымі зняволенымі і вязнямі сумлення.

Крыніца: Суд над журналісткай Кацярынай Барысевіч і лекарам Арцёмам Сарокіным закрылі