Пра гэта сайту palitviazni.info распавяла грамадскі прадстаўнік сем’яў фігурантаў “справы “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” Ніна Шыдлоўская.
“Сілавікі пастараюцца прыгожа выйсці з сітуацыі. А што “прыгожа” для іх – тое можа быць не вельмі добра для хлопцаў”, – кажа яна.
Нагадаем: затрыманні пачаліся пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі 21 сакавіка гэтага года, што ў Беларусі “затрымалі дзясяткі баевікоў”, якія “трэніраваліся ў лагерах са зброяй”. Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 35 затрыманых. Спачатку паведамлялася, што справа вядзецца аб “падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” (ч.3 арт.293 КК), пазней з’явілася абвінавачанне ў “стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання і ўдзеле ў ім” (арт.287 КК).
Паступова фігуранты справы выйшлі на волю пад падпіску аб нявыездзе, а у чэрвені справа была перададзена ў Следчы камітэт Беларусі.
Не так даўно старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч заявіў, што “да канца восені ў гэтай справе будзе пастаўлена кропка”.
“Наколькі мне вядома, пасля заявы Наскевіча на працягу двух дзён усіх фігурантаў “справы патрыётаў” адзін раз выклікалі на допыты, – кажа Ніна Шыдлоўская. – Складана сказаць, ці закончаць справу ў бліжэйшыя два тыдні, хаця ў нейкі бок яна павінна зрушыцца ў любым выпадку. Праўда, няма ніякай інфвармацыі з гэтай нагоды. Усё застаецца ў падвешаным стане, і куды хіснецца справа, нікому невядома”.
Са слоў суразмоўцы, дзяржаўныя органы не вельмі любяць прызнаваць свае памылкі, а таму відавочна, што будуць шукаць нейкае выйсце.
“Яны пастараюцца прыгожа выйсці з сітуацыі, – дадае Ніна Шыдлоўская. – А “прыгожа” для сілавікоў – гэта можа быць не вельмі добра для хлопцаў. Было б цалкам нармальна для любой цывілізаванай краіны прызнаць, што была памылкова ўзбуджана крымінальная справа, што памылкова затрымалі людзей… Але, на жаль, у нас на такое прызнанне спадзявацца, відаць, не даводзіцца. Таму пабачым, што зараз прыдумаюць следчыя, і ці дойдзе справа да суда”.
Крыніца: Усіх фігурантаў справы “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” выклікалі на допыты