Калі: 16 лістапада, пачатак у 11:00
Дзе: вул. Мяржынскага, 8-26 (офіс ПЦ “Вясна”)
Дадатковая інфармацыя па тэл.: (017) 394 63 11
Сайт кампаніі: elections2018.spring96.org
З якім бэкграундам улады распачынаюць кампанію па выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў?
Як сталася, што цэлы год працы міжведамаснай групы, створанай Цэнтрвыбаркамам дзеля ўдасканалення выбарчага працэсу, скончыўся нічым?
Чаму вывучэнне міжведамаснай групай рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ вялося без кансультацый з экспертамі АБСЕ?
Якія захады ў справе імплементацыі рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ Цэнтрвыбаркаму прапаноўвалі праваабаронцы?
Гэтым пытанням будзе прысвечаная прэс-канферэнцыя кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, якая пройдзе ў Мінску 16 лістапада.
Удзельнікі прэс-канферэнцыі - каардынатары незалежнага назірання Алег Гулак (ад Беларускага Хельсінкскага камітэта) і Уладзімір Лабковіч (ад Праваабарончага цэнтра “Вясна”).
Яны дадуць сваю ацэнку сітуацыі на момант абвяшчэння кампаніі па выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў 28-га склікання. Апроч таго, нагадаюць пра прыярытэтныя рэкамендацыі міжнародных і нацыянальных назіральнікаў адносна зменаў у Выбарчы кодэкс, якія з’яўляюцца крытычна важнымі для правядзення свабодных, справядлівых выбараў і абгрунтаванне якіх было прадстаўлена міжведамаснай групе, створанай Цэнтрвыбаркамам.
Падчас другой часткі прэс-канферэнцыі яе ўдзельнікі прадставяць планы незалежнага назірання за мясцовымі выбарамі, а таксама распавядуць пра асаблівасці, якімі будзе вызначацца сёлетні маніторынг.
Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары", якую з 2008 года праводзяць РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтр "Вясна", з'яўляецца незалежнай і не ставіць за мэту падтрымку палітычных партый і якіх-небудзь палітычных дзеячоў. Увесь выбарчы працэс назіральнікі ацэньваюць выключна зыходзячы з прынцыпаў свабодных дэмакратычных выбараў, пры якіх народ Беларусі можа ў поўнай меры рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у кіраванні краінай.
Крыніца: Мясцовыя выбары на фоне няздзейсненых зменаў у ВК – прэс-канферэнцыя праваабаронцаў