Журналістка-фрылансерка Тамара Шчапёткіна з Бярозы была выклікана ў суд Бярозаўскага раёна на раніцу 14 лістапада ў якасці асобы, ў адносінах да якой вядзецца адміністратыўны працэс. Яе вінавацяць па ч. 2 арт. 22.9 КаАП за нібыта “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”: за тое, што жанчына ўзяла каментар у Вольгі Сышчаніцы, даяркі з Кобрына, на якую падаў у суд юрыст-консульт Анатоль Джыга за абразу.
Справу разглядае суддзя Алена Нямкова. У судзе Тамара Шчапёткіна прадставіла сваю пазіцыю датычна таго, што кіруючыся нацыянальным і міжнародным заканадаўствам, яе працу нельга разглядаць як выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ, бо кожны чалавек мае права шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю незалежна ад межаў краіны.
“Мяне каторы раз прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі. У прыватнасці, на Беларускае Радыё Рацыя. Абвінавачваюць у парушэнні артыкула 22.9 частка 2 «Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ», але журналіст прадукцыі СМІ не вырабляе і не распаўсюджвае. Гэтым займаецца рэдакцыя. Толькі рэдакцыя можа дапусціць парушэнні вырабу прадукцыі СМІ, а ніяк не журналіст”, – пракаментавала напярэдадні судовага працэсу Тамара Шчапёткіна для Беларускага Радыё Рацыя.
Аднак, суддзя палічыла неабходным выклікаць у суд у якасці сведкі актывіста з Кобрына Алеся Меха, які ў пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні ўжо пазначаў, што нічога не памятае і не можа сказаць па справе, а таксама Вольгу Сышчаніцу, у якой Тамара Шчапёткіна брала каментар. Працяг разгляду справы перанесены на 11 раніцы 15 лістапада.
Праваабаронца з Баранавічаў Сяргей Гоўша, які прыехаў падтрымаць Тамару Шчапёткіну, распавёў, што сутыкнуўся са шматлікімі парушэннямі ў судзе. Так, пры ўваходзе ў яго не проста папрасілі паказаць пашпарт, але і перапісалі дадзеныя і патрабавалі назваць імя суддзі, на працэс да якой праваабаронца сабраўся патрапіць. Пасля паседжання Сяргею Гоўшу разам з Тамарай Шчапёткінай амаль да выхаду суправаджаў дзяжурны па будынку суда, што абурыла праваабаронцу. Калі ён збіраўся патрапіць на другі паверх будунку, каб пакінуць запіс у кнізе скаргаў і прапаноў, гэты самы дзяжурны не пускаў яго, кажучы, што прыёмныя гадзіны старшыні суда скончыліся. Аднак, Сяргей Гоўша ўсё ж змог пакінуць свае заўвагі ў кнізе скаргаў.
Крыніца: Тамару Шчапёткіну судзяць за супрацу з Беларускім Радыё Рацыя