Дзясятага лютага праваабаронцы "Вясны" працягвае фіксаваць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Мінск
Дадому да вядомага журналіста, кіраўніку дэпартамента камунікацый у "Альфа-Банку" Віктару Малішэўскаму прыйшлі супрацоўнікі ДФР (так яны прадставіліся). Праводзіцца ператрус. Сам Віктар на сувязь не выходзіць, на працы ён сёння не з'явіўся. Дома ў Малішэўскага знаходзіцца сын, сувязі з ім таксама няма, паведаміла яго жонка ў Facebook.
У 8 ранку ў кватэру да адміністратара тэлеграм-канала "Грушвилль" Дзмітрыя Сухенкі прыйшла міліцыя. Як паведамляе канал, Дзмітрыя затрымалі, а таксама забралі яго тэхніку.
Ліда
Гарадзенскага актывіста Ежы Грыгенча затрымалі ў Лідзе на 72 гадзіны. Яго выклікалі позвай у мясцовы РАУС, прычыну выкліка не патлумачылі.
Актывіст 18 студзеня быў у Лідскім раённым судзе падчас вынясення прысуду палітзняволенаму Вітольду Ашурку, якога асудзілі на 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Неабгрунтаваны прысуд выклікаў абурэнне прысутных на судовым працэсе. Міліцыя ўжо выклікала для складання пратаколу больш за 10 чалавек, піша "Белсат".
Дуброўна
У Дуброўне ў чарговы раз затрыманы мясцовы актывіст Міхаіл Чамурака. Па папярэдняй інфармацыі, затрыманне адбылося ў межах крымінальнай справы. Інфармацыя ўдакладняецца. Таксама ў міліцыю выклікалі яго жонку Людзмілу Чамурака.
Светлагорск
Затрымалі і даставілі ў Светлагорскі РАУС Аляксея Блажэвіча. Ён на машыне падвозіў жонку Валера Найдзеніка, які адбывае 9 сутак па арт. 23.34, яны везлі перадачу. Аляксей паспеў паведаміць, што супрацоўнікі цікавяцца яго чатамі ў тэлеграме.
Будзе дапаўняцца