Суд Маскоўскага раёна Мінска.Ілюстрацыйнае фота. Суд Маскоўскага раёна г. Мінска пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Іллі Толкача, якога вінавацяць ва ўдзеле ў актыўных групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядае суддзя Вольга Малашэнка, дзяржабвінаваўца – Фёдар Сініцкі.

Ілля Толкач быў затрыманы 21 кастрычніка 2020 года.

Што ставяць у віну Іллі Толкачу?

Дзяржабвінаваўца заявіў хадайніцтва аб далучэнні да справы грамадзянскага іску аб кампенсацыі маёмаснай шкоды Мінсктрансу ў памеры 6 126 рублёў. Суд яго задаволіў. 

Паводле абвінавачвання, Ілля Толкач у ноч з 9 на 10 жніўня знаходзіўся на праезнай часцы каля архітэктурнага комплекса “Мінск – горад-герой” і прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях з іншымі пратэстоўцамі, груба парушаючых грамадскі парадак і спалучаных з яўным непадпарадкаваннем законным патрабванням супрацоўнікаў міліцыі, што пацягнула парушэнне працы транспарту. Таксама падсудны абвінавачваецца ў тым, што публічна выкрыкваў лозунгі, гучна пляскаў у далоні і не падпарадкоўваўся патрабаванням спыніць такія дзеянні.

Па меркаванні Фёдара Сініцкага, віна Іллі Толкача падцвярджаецца ягонымі паказаннямі, паказаннямі сведкаў, інфармацыяй ад Мінсктранса аб парушэнні руху гарадскога транспарту, рэчывымі доказамі.        

Абвінавачаны прызнаў віну часткова – прызнаў факт прысутнасці ў абазначым месцы, але не прызнаў, што яго дзеянні пацягнулі спыненне грамадскага транспарту.

Пра што казаў падсудны?

Ілля Толкач распавёў, што 9 жніўня разам з сябрам Дзмітрыем Каспяроўскім схадзіў прагаласаваць спачатку на яго выбарчы ўчастак, потым на ўчастак сябра. Пасля зайшлі да іншага сябра, але ён аказаўся заняты. Тады хлопцы пайшлі да Кастрычніцкай плошчы, потым яны спусціліся да Нямігі, хацелі пайсці на вул. Зыбіцкая, але там было ўсё зачынена. Тады сябры адправіліся ў сквер недалёка ад вуліцы Гвардзейская, сустрэліся там са знаёмым, хацелі паразмаўляць, а каля 21 гадзін вырашылі разыходзіцца па дамах. Ілля з Дзмітрыем вышлі на тратуар і заўважылі, што грамадскі транспарт не ходзіць, пайшлі пешшу ў бок ст. м. “Няміга”.

У нейкі момант ззаду хлопцы пачулі жаночыя крыкі, людзі пачалі разбягацца. Ілля пабег у пераход каля гасцініцы "Юбілейная", а яго сябра – у іншы бок. Абвінавачаны выйшаў да наберажнай, аглядзеўся, патэлефанаваў сябру. Пасля гэтага ён падыйшоў да супрацоўнікаў міліцыі і запытаўся, ці можна прайсці да мятро. Міліцыянеры сказалі яму: “Ідзі дамоў”, і нікога не прапускалі. Хлопец пайшоў у бок Стэлы, там было шмат людзей, ён думаў, што калі дойдзе да гасцініцы “Вікторыя”, то там зможа ўзяць таксі і даехаць дадому. Але не змог перайсці на іншы бок дарогі, бо было ачапленне міліцыі – дарога была перагароджаная, аўтобусы не хадзілі. Тады Ілля Толкач хацеў паглядзець маршрут, як дабрацца да дому, аднак інтэрнэт не працаваў. У нейкі момант да яго падыйшоў невядома хлопец з бела-чырвона-белым сцягам, запытаў, ці працуе інтэрнэт. Ілля папрасіў сцяг, каб сфатаграфавацца, папрасіў фотакарэспандэнта зрабіць здымак, пался чаго вярнуў сцяг незнаёмцу.

Пасля гэтага супрацоўнікі міліцыі сталі кідаць светла-шумавыя гранаты. Гэта ўжо адбывалася пасля 23 гадзін.

Суддзя распытала Іллю пра тое, чаму ён так доўга ішоў дадому, паспяваў фатаграфавацца са сцягам і цікавіцца сітуацыяй навокал замест таго, каб выйсці з натоўпу. Запытвае, ці можна назваць тое, што адбывалася масавым мерапрыемствам, і ці разумеў падсудны, што адбываецца “нешта не тое”?

Суд зрабіў заўвагу абаронцу за тое, што ён павярнуўся і глядзеў на свайго падабароннага, нібыта падказваў яму адказы. Адвакат пярэчыў, што мае права глядзець у любы бок, у тым ліку ў бок падабароннага.

Ілля Толкач кажа, што не чуў, каб супрацоўнікі міліцыі папярэджвалі грамадзянаў аб неабходнасці разыйсціся. Не чуў, каб такія патрабаванні былі адрасаваныя менавіта яму.

Пасля выбухаў гранат ён пабег, але сутыкнуўся з хлопцам, які найстойліва звярнуўся да яго па дапамогу – перанесці лавачку. Ілля дапамог перанесці яе на праезную частку. Пасля гэтага ён адыйшоў у бок, супакоіўся, ацаніў сітуацыю і паспрабаваў сыйсці з гэтага месца. Пайшоў па вул. Машэрава, сустрэў незнаёмых хлопца і дзяўчат, яго папрасілі правесці адну з дзяўчат да інтэрната, Ілля пагадзіўся. Потым абвінавачаны зняў грошы з карткі і злавіў машыну, паехаў дадому.

Падсудны выказаў шкадаванне, што выканаў просьбу незнаёмага хлопца і перанёс лавачку, ён не планаваў гэтага здзяйсняць, і яго дзеянні не былі ні з кім узгодненыя, ён знаходзіўся ў спалоханным стане.

Пасля гэтага суд вывучыў пісьмовыя матэрыялы справы. Потым перайшоў да апытання сведкаў.

Інфармацыя будзе дапоўненая.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс

Крыніца: "Дапамог перанесці лавачку на праезную частку". Іллі Толкачу пагражае тры гады зняволення