Андрэй Папоў, фота прадстаўлена мамай Суд Заводзскага раёна разглядае справу палітвязня Андрэя Папова, якога абвінавачваюць па ч.2 арт.293 і арт. 364 Крымінальнага кодэксу. Вядзе працэс суддзя Анжэла Касцюкевіч.

У чым абвінавачваюць?

Першы раз Андрэй быў паранены і затрыманы 9 жніўня на акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў. Трое сутак правёў у ІЧУ г. Жодзіна, пасля чаго быў вызвалены. Ізноў Андрэя затрымалі 1 верасня ўжо па крымінальнай справе аб удзеле ў масавых беспарадках.

Што гаворыць палітвязень?

Андрэй Папоў распавёў, што дзявятага жніўня ішоў на мірны пратэст, бо быў не згодзен з адстутнасцю назіральнікаў і завышанай яўкай.

Ён стаяў насупраць іншых людзей, у іх не было атрыбутыкі і зброі. Становішча было напружаным: праязная частка была занятая супрацоўнікамі міліцыі, яны выкарыстоўвалі спецсродкі. Гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў з боку грамадзян ён не назіраў.  Суддзя пастаянна перапытвала, як падсудны даваў прававую адзнаку дзеянням супрацоўнікаў, а таксама якім чынам ён зрабіў высновы наконт напружаным становішчы.

 – Магчыма, вы самі сябе накруцілі? – запытала яна.

– Магчыма, сам сябе накруціў, – адказаў Папоў.

Ён меркаваў, што чалавек, у дачыненні якога прымяняў гвалт, – супрацоўнік міліцыі, таму што ў яго была амуніцыя. Аднак ён не назваўся, патрабаванняў не выказваў, адметных знакаў у яго таксама не было.

Суддзя звярнула ўвагу на супярэчнасці ў сведчаннях палітвязня, на што ён адказаў, што стаў узгадваць падрабязнасці з цягам часу. Анжэла Касцюкевіч папракнула Папова ў тым, што ён памятае толькі тое, што рабілі супрацоўнікі міліцыі, але не ўдзельнікі пратэстаў. “Для чалавечай памяці характэрна забываць, – сказала суддзя. – Логіку я не бачу. Нешта ўзгадаць, а нешта забыць – такога не бывае. Дакладна не праз шэсць месяцаў”.

Згодна з пратаколам допыту, падчас мірнага пратэсту Андрэй Папоў пачуў крыкі каля гандлёвага цэнтра “Галерэя” і ўбачуў, як супрацоўнікі АМАП збіваюць людзей. Ён палічыў гэта несправядлівасцю і незаконнымі дзеяннямі, таму ён паспрабаваў дапамагчы: схапіў аднаго мужчыну і спрабаваў адцягнуць яго ўбок. На яго напалі супрацоўнікі міліцыі, білі дубінкамі не менш за дзесяць разоў, у тым ліку, па галаве. Пасля гэтага ён убачыў, як некалькі людзей бягуць да іх, пабег за імі, абхваціў супрацоўніка рукамі, стаў валіць яго на зямлю. Абодва ўпалі, ён устаў і як мінімум аднойчы ўдарыў нагой у грудзі мужчыне ў камуфляжы. Потым падбеглі іншыя людзі, сталі біць супрацоўніка – Папоў спрабаваў іх спыніць. Праз некаторы час яму ў нагу трапіў аскепак гранаты, людзі адвезлі яго ў больніцу, пасля чаго вярнуўся дадому.

Андрэй Папоў не прызнае віну па ч.1 арт.293, таму што выходзіў на мірны пратэст. Часткова прызнае – па арт. 364: прызнае факт гвалту ў адносінах да аднаго супрацоўніка. Адзначыў, што раскайваецца, што прымяніў гвалт.

Ці ёсць доказы ў справе?

Нягледзячы на тое, што Папова абвінавачваюць у тым ліку і па арт. 364, пацярпелы ні разу не ўзгадваўся на паседжаннях, а таксама не быў на судзе.

Згодна з рапартам супрацоўніка УУС, асоба Папова пацвярджаецца праз відэа з месцаў масавых беспарадкаў. Аднак першапачаткова ў матэрыялах справы не было агляду месца падзей, які пацвердзіў бы, што ў месцы інцыдэнта былі масавыя беспарадкі. Таму абвінавачанне хадайнічала аб далучэнні дакумента, які сведчыць пра масавыя беспарадкі: скрыны з інфармацыйных рэсурсаў з паведамленнямі пра недапушчальнасць масавых беспарадкаў, фіксацыя пашкоджання тратуарнай пліткі і іншых аб’ектаў інфраструктуры, у прыватнасці, у раёне Ціміразева. Наглядзячы на пратэст адваката, што гэтыя выпадкі могуць не адносіцца да справы падабароннага, суддзя задаволіла хадайніцтва.

Доказам гвалту ў адносінах супрацоўніка таксама з’яўляецца 28-секунднае відэа, на якім Папова нібыта апазналі па прычоске і татуіроўцы. Аднак тых парушэнняў, якія прад’яўляе абвінавачанне, на відэа не зафіксавана.На ім натоўп адцясняе трох супрацоўнікаў міліцыі, не нападаючы на іх, супрацоўнікі, у сваю чаргу, высоўваюць шчыты.

У матэрыялах справы таксама няма доказаў, што збіты быў менавіта супрацоўнік міліцыі. Поўныя відэа з камер супрацоўнікаў таксама адсутнічаюць, таму што яны захоўваюцца не больш 30 сутак, а палітвязень быў затрыманы пазней. Таму адвакат падкрэсліў, што з матэрыялаў справы выявіць дачыненне Папова да справы немагчыма.

Сярод матэрыялаў справы – рэнтгенаграма пасля агляду Папова, скрыны з табліцай выклікаў з тэлефона Папова, які ў той час знаходзіўся ў ягонай маці, відэа допыта палітвязня.

Адвакат заявіў хадайніцтва аб азнаямленні з далучанымі матэрыяламі справы. Разгляд справы працягнецца 16 лютага ў 10.00.

Андрэй Дзмітрыевіч Папоў вучыўся ў Мінскім каледжы прадпрымальніцтва, атрымаў прафесію менеджара-эканаміста. Перад затрыманнем працаваў гібнікам па метале, а паралельна навучаўся кампутарнай графіцы

Крыніца: Суд над палітвязнем Андрэем Паповым: адвакат лічыць, што выявіць яго дачыненне да справы немагчыма