Ігар Канапайка ў судзе. У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 9 лютага пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да мінчука, які запеніў дзверы ў кватэру супрацоўніцы міліцыі. Грамадзяніна Расійскай Федэрацыі Ігара Канапайку абвінавачваюць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: артыкул 339 (Хуліганства) і артыкул 369 (Абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў).

Справу разглядае суддзя Алена Бушава, дзяржабвінаваўца – пракурор Грэская.

Пацярпелая па справе – прэс-афіцэр Цэнтральнага РУУС Мінска Таццяна Абозная.

Ігар Канапайка мае від на жыхарства ў Беларусі, ваенны пенсіянер.

З матэрыялаў следства вядома, што днём 13 лістапада 2020 года 55-гадовы мужчына зайшоў у пад'езд аднаго з дамоў у Фрунзенскім раёне Мінска і з хуліганскіх памкненняў заліў мантажнай пенай ўваходныя дзверы кватэры супрацоўніка органаў унутраных спраў. Таксама ён запеніў механізм замка дзвярэй і паштовую скрыню.

Акрамя таго, як сцвярджае Следчы камітэт,  на паштовай скрыні абвінавачаны напісаў фразу, якая публічна абражае супрацоўніцу міліцыі ў сувязі з выкананнем ёю службовых абавязкаў і схаваўся з месца здарэння.

Незадоўга да таго, што адбылося, адрас, кантактныя дадзеныя, пасада і месца працы супрацоўніцы былі размешчаны ў адным з дэструктыўных Telegram-каналаў.

Канапайка быў затрыманы 27 лістапада і змешчаны пад варту.

Сёння на судзе Таццяна Абозная заявіла хадайніцтва аб разглядзе крымінальнай справы ў закрытым судовым пасяджэнні, бо баіцца за сваю бяспеку і бяспеку сваіх блізкіх.

Дзяржабвінавачанне падтрымала хадайніцтва, абаронца і абвінавачаны пярэчылі.

Хадайніцтва судом адхіленае.

Запененыя дзверы. Фота Следчага камітэта
Запененыя дзверы ў кватэру пацярпелай. Фота Следчага камітэта

У судовым следстве ўстаноўлена, што днём 13 лістапада 2020 года Ігар Капанайка зайшоў у пад'езд дома па вуліцы Налібоцкай і наўмысна, з хуліганскіх памкненняў, заліў мантажнай пенай уваходныя дзверы кватэры, запеніў механізм замка дзвярэй, тым самым пашкодзіўшы яго. Таксама з выкарыстаннем фарбавальніка чорнага колеру нанёс на паштовую скрыню пацярпелай надпіс "Мент-забойца". І запеніў скрыню. Гэтымі дзеяннямі падарваў прэстыж супрацоўніка міліцыі.

Сваю віну абвінавачваны віну прызнаў і раскаяўся ў здзейсненым.

Допыт пацярпелай Таццяны Абознай

12 лістапада ў дэструктыўных тэлеграм-каналах былі размешчаныя асабістыя звесткі супрацоўнікаў Цэнтральнага РУУС, у тым ліку і пацярпелай. На наступны дзень размясцілі хатнія адрасы. Пачалі паступаць званкі,у асноўным з замежных тэлефонаў з пагрозамі.

“На наступны дзень, зайшоўшы ў дамавы чат, убачыла фота сваёй скрыні з надпісам "Мент-забойца". І  скрыня была запененая. Яшчэ былі запененыя дзверы. Перажывала, што з бацькамі і дзіцем. Яму няма 3-х гадоў і ў яго інваліднасць. Бацька таксама інвалід 2 групы. Звязалася з мамай, яе дома не было”.

 Затым была выклікана следча-аператыўная група. Дзверы атрымалася адкрыць толькі праз 10 хвілін. Знутры дзверы было адкрыць наогул мне рэальна. Ніжні замок перастаў працаваць, верхні з цяжкасцю.

Абозная кажа, што суседзі перасталі з ёй вітацца, заходзіць разам у ліфт. Дзіця прыйшлося вывесці з Мінска, а яму патрэбен пастаянны догляд.

"З-за надпісу было маральна вельмі непрыемна, паколькі ніколі нікому нічога дрэннага не зрабіла. "Для мяне гэта быў плявок у твар".

Тацянна Абозная заявіла грамадзянскі пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды  ў памеры 10 тысяч рублёў, а таксама пазоў аб пакрыцці матэрыяльнай шкоды - 425 рублёў (125 - замена замка, 300 - ацэнка пашкоджанняў скрынкі).

Абвінавачаны з пазовам не згодны. Кажа, незразумела адкуль такія сумы.

“А вы пастаўце сябе на маё месца, калі вам так запеняць дзверы.

Рэпліка з залы: "А вы сябе на месца Рамана Бандарэнкі пастаўце".

Суддзя выдаліла гэтага хлопца з залы.

Допыт Ігара Канапайкі

Кажа, што прачытаў на TUT.BY артыкул з каментарамі Абознай пра смерць Рамана Бандарэнкі, што ў яго ў крыві быў знойдзены алкаголь. Яго абурыла гэтая грубая хлусня, быў на эмоцыях.

Сваімі дзеяннямі хацеў прыцягнуць увагу Абознай, што трэба мець нормы маральнасці. У яе словах не было спачуванні сям'і загінулага. Гэта была хлусня, Раман не быў п'яны.

Напісаў на скрыні, каб паведаміць Абознай, што хлусіць нядобра, нават злачынна.

Суддзя спытала: Чаму вы пісалі надпіс хутка?

- Не хацеў, каб мяне ўбачылі.

- Вы казалі, што ў вас ёсць гонар і годнасць.

- А ў вас ёсць доказы, што гэта не так?

- Суд растлумачыў Вам Вашыя правы і абавязкі. Суд вам не даваў права задаваць пытанні суду.

У судзе даследваюць пісьмовыя матэрыялы справы.

Даследаваныя перамяшчэнні Капанайка па мабільным нумары ад аператара сувязі, пазоў аб кампенсацыі матэрыяльнай шкоды, а менавіта 300 рублёў за пашкоджанне дзвярэй,

Прызнаць вопратку: куртку сіняга колеру, штаны шэрага колеру, якая належыць абвінавачанаму, рэчавымі доказамі. Плакаты з Раманам Бандарэнкам прызнаныя рэчавымі доказамі таксама.

Знойдзеныя плакаты з надпісамі пра тое, што міліцыянты з Цэнтральнага РУУС забойцы.

Будзе дапоўнена.

Крыніца: Судзяць ваеннага пенсіянера, які запеніў дзверы ў кватэру супрацоўніцы міліцыі і абразіў яе Дапоўнена