Рэдакцыя расійскай «Новай газеты» і Камітэт па прадухіленні катаванняў узнагароджаны прэстыжнай Прэміяй свабоды імя Андрэя Сахарава за 2017 год, заснаванай Нарвежскім Хельсінкскім камітэтам.
“«Новая газета» і Камітэт па прадухіленні катаванняў узнагароджаны Прэміяй свабоды імя Андрэя Сахарава за 2017 год за выдатныя намаганні па апублікаванні фактаў катаванняў у Расіі, дзе яны атрымалі публічнае асуджэнне”, — сказаў генеральны сакратар Нарвежскага Хельсінкскага камітэта Б'ёрн Энгесланд.
«Юрысты з Камітэта па прадухіленні катаванняў выйгралі і працягваюць выйграваць усё большую колькасць справаў у расійскай судовай сістэме. Яны выкарыстоўваюць расійскае заканадаўства для судовага пераследу парушальнікаў правоў чалавека, што спрыяе ўмацаванню пераканання ў вяршэнстве справядлівасці і эфектыўнасці незалежных інстытутаў у краіне.
Журналісты «Новай газеты» публікуюць абуральныя акты гвалту і незалежныя навіны ў краіне, дзе шырока распаўсюджаная дзяржаўная прапаганда і напады на крытычную журналістыку,» — гаворыцца ў прэс-рэлізе НХК.
На цырымоніі ўзнагароджання, якая адбылася ўчора ў Осла і была прымеркаваная да 40-гадовага юбілею Нарвежскага Хельсінкскага камітэта, лаўрэатаў Прэміі прадстаўлялі Алена Мілашына з «Новай газеты», якая спецыялізуецца на журналісцкіх расследаваннях, і намесніца дырэктара Камітэта па прадухіленні катаванняў Вольга Садоўская.
«Мілашына і Садоўская — маладыя, кампетэнтныя жанчыны, якія энергічна абараняюць правы чалавека ў Расеі», — сказаў Энгесланд.
У студзені гэтага года Мілашына расследавала сістэматычныя катаванні гамасэксуалістаў у Чачні, што выклікала міжнародную крытыку ў адрас чачэнскіх і расійскіх уладаў. Садоўская выйграла шматлікія справы па катаваннях супраць Расійскай Федэрацыі ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека.
Камітэт па прадухіленні катаванняў быў заснаваны некалькімі маладымі юрыстамі ў 2000 годзе. Камітэт, які ўзначальвае Ігар Каляпін, абараняе ахвяраў катаванняў па ўсёй Расіі. Юрысты арганізацыі выйгралі шматлікія справы ў расійскіх судах і ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека. Дзякуючы іх намаганням шэраг прадстаўнікоў службаў бяспекі зараз адбываюць тэрміны зняволення за ўчыненне цяжкіх актаў гвалту. Каляпін з'яўляецца сябрам Рады па грамадзянскай супольнасці і правах чалавека пры прэзідэнце Расіі, а некаторыя з юрыстаў камітэта ўваходзяць у грамадскія назіральныя камісіі па турмах.
Камітэт супраць катаванняў правёў агульнанацыянальнае апытанне, згодна з якім кожны пяты грамадзянін Расійскай Федэрацыі прынамсі адзін раз у жыцці быў ахвярай нематываванага і незаконнага гвалту з боку прадстаўніка ўладаў, часцей за ўсё паліцыі.
Камітэт таксама працуе ў Чачэнскай Рэспубліцы, дзе яго офіс і актывісты некалькі разоў падвяргаліся нападам.
«Новая газета» была створана ў 1993 годзе. Галоўны рэдактар выдання — Дзмітрый Муратаў. Гэта адна з нешматлікіх незалежных газет у Расіі, у якой ёсць штат уласных карэспандэнтаў і група журналістаў, якія займаюцца расследаваннямі. «Новая газета» цесна супрацоўнічае з праваабаронцамі. З моманту стварэння былі забітыя шэсць супрацоўнікаў газеты.
Расія займае трэцяе месца ў спісе самых небяспечных краінаў для журналістаў. Па інфармацыі Камітэта па абароне журналістаў, на дадзены момант атрымалася ўсталяваць матыў у 58 з больш чым 200 смерцяў журналістаў пачынаючы з 1993 года. Толькі ў гэтым годзе Алене Мілашынай некалькі разоў пагражалі смерцю, а яе калега Юлія Латыніна была вымушана бегчы з краіны пасля таго, як быў падпалены яе аўтамабіль. Таццяна Фельгенгауэр з незалежнай радыёстанцыі «Эхо Москвы» атрымала сур'ёзныя раненні пасля нападу ў кастрычніку гэтага года.
Прэмія свабоды імя Андрэя Сахарава была заснаваная ў 1980 годзе Нарвежскім Хельсінскім камітэтам са згоды і пры падтрымцы самога Сахарава для аказання дапамогі і падтрымкі людзям, якія апынуліся ў зняволенні або зазналі пераслед праз свае перакананні.
Першая Прэмія была прысуджана ў 1984 годзе.
Сярод лаўрэатаў Прэміі — Рух у абарону правоў выбаршчыкаў «Голос» на чале з Ліліяй Шыбанавай (2012), казахстанскі праваабаронца Яўген Жоўціс і Святлана Ганушкіна з Расіі.
У 2006 годзе Прэміяй быў узнагароджаны кіраўнік Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі.
Крыніца: «Новай газеце» і Камітэту па прадухіленні катаванняў прысуджана прэмія імя Сахарава