Больш за дзесяці чалавек падвергліся адміністратыўнаму пераследу за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – “Маршы абураных беларусаў-2.0”, які адбыўся ў Мінску 21 кастрычніка. Пратаколаў складзена яшчэ болей і таму суды будуць працягвацца і надалей. Прынамсі, праваабаронцам вядома аб прызначэнні судовых паседжанняў па разгляду спраў Леаніда Кулакова і Алены Талстой (14 лістапада), Валерыя Шчукіна (16 лістапада).
Сярод тых, каго суды прызналі вінаватым у парушэнні артыкула 23.34 КаАП - актывіст аргкамітэта БСДП (Народная Грамада) Сяргей Марцэлеў. Суд Партызанскага раёна Мінска 9 лістапада аштрафаваў яго на 20 базавых велічынь (460 руб.).
Сяргей Марцэлеў паведаміў ў фэйсбуку пра вынікі суда наступнае:
Пры абвяшчэнні прысуду суддзя ўедліва цытаваў: "улічваючы фінансавыя магчымасці… тратата ... яго асабістыя якасці ... тратата..". Ўлічылі, карацей. Не, я не знерваваўся. У мяне за спіной сядзела такая баявая каманда падтрымкі, што варта было іх разам сфатаграфаваць. М.В. Статкевіч, М. М. Адамовіч, партыйны намеснік С.В. Кулініч, лагодны калега па партыі Валянцін Трокскі, нясхільныя барацьбіты Вінярскі і Афнагель. Я зараз шкадую пра адно. Што так мала прыйшло нас у той дажджлівы кастрычніцкі дзень на мітынг. Нічога, ўсіх усё роўна не засудзяць.
Таксама 9 лістапада за акцыю 21 кастрычніка былі пакараныя штрафамі Сяргей Фалейчык з Кобрына і мінскі блогер Раман Пратасевіч.
Крыніца: Суды "шчыруюць" над удзельнікамі “Маршу абураных беларусаў-2.0”