Праваабаронца Алег Мацкевіч Пракуратура Мінскай вобласці адказала на зварот барысаўскага праваабаронцы Алега Мацкевіча, які прасіў правесці праверку па факце трагічнай гібелі салдата ў барысаўскай вайсковай часці, што знаходзіцца ў Печах.

З адказу, дасланага старшым пракурорам аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства ў войсках пракуратуры вобласці Д. Кузняцовым можна зрабіць выснову, што пракуратура ўважліва сочыць за расследваннем трагічнага здарэння і… нават правяла адмысловую праверку.

“Пракуратурай вобласці праведзеная пракурорская праверка, у ходзе якой, апрача іншага, выяўленыя парушэнні заканадаўства аб прафілактыцы правапарушэнняў і суіцыдальных выпадкаў сярод ваеннаслужачых. Па выніках праверкі правамоцнаму камандаванню ўнесена прадстаўленне, у якім патрабавана прыняць меры па ліквідацыі выяўленых парушэнняў і недапушчэнні іх у будучым, пастаўлена пытанне аб прыцягненні шэрагу службовых асоб да адказнасці,” –  паведамляецца праваабаронцу.

Дзмітрый Кузняцоў таксама паведамляе, што галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэта Беларусі праводзіцца папярэдняе следства па крымінальнай справе, узбуджанай у сувязі з гібеллю Коржыча А.

mackevich-prakuratura-voiska.jpg
Адказ Пракуратуры Мінскай вобласці на зварот Алега Мацкевіча з нагоды трагічнай смерці вайскоўца А. Коржыча.

Алег Мацкевіч, каментуючы вынікі звароту ў пракуратуру адзначае, што патрапіў, як кажуць, у мэйнстрым, калі ўжо "ў грамадстве і на самым версе ўзняўся сапраўдны “кіпеш” вакол трагедыі ў Печах і пракуратура проста вымушаная была рэагаваць і праводзіць праверку. І таму тут мая заслуга мінімальная. А вось калі б справа не атрымала такі шырокі розгалас, дык сумняюся, што пракуратура там надта б шчыравала".

Трагедыя ў Печах не пакінула абыякавым праваабаронцу, ён падаў заяўку на правядзенне 30 кастрычніка пікета на цэнтральнай плошчы горада, каб патрабаваць адстаўкі міністра абароны і іншых адказных вайскоўцаў, аднак Барысаўскі выканкам адмовіў праваабаронцу Алегу Мацкевічу ў яго правядзенні.

На пікет Мацкевіч выйшаў, быў затрыманы, і за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве пакараны штрафам у памеры 30 базавых велічынь.

Крыніца: Алег Мацкевіч: Мой зварот у пракуратуру патрапіў, як кажуць, у мэйнстрым Дакумент