Суд Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці 27 студзеня вынес прысуд па крымінальнай справе супраць Віктара Царыкевіча. Яго абвінавацілі па ч. 1 і 2 арт. 339 (хуліганства і злоснае хуліганства) і 369 (публічная абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса. За правядзенне серый "цынічных" акцый у верасні-кастрычніку: размалёўванне прыпынкаў у Мастоўскім раёне, нанясенні на дрэвах БЧБ-сцягоў, развешванні на іх пудзілаў у міліцэйскай форме і размяшчэнні таблічак у выглядзе рытуальных надмагілляў, а таксама труны з пудзілам у форме супрацоўніка міліцыі Віктара Царыкевіча пазбавілі волі тэрмінам на адзін год у калоніі агульнага рэжыму. Акрамя гэтага, у мужчыны канфіскавалі машыну. Справу разглядаў старшыня суда Мастоўскага раёна Віталь Сініла. Распавядаем, што вядома па гэтай справе. Працэс праходзіў фактычна ў закрытым рэжыме, таму яго падрабязнасці — невядомы. На першы працэс не пусцілі нават у будынак суда праваабаронцу "Вясны" Аляксандра Вайцешыка, які планаваў жыццяўляць маніторынг суда. Прычына — эпідэміялагічная сітуацыя ў сувязі з СОVID-19.

Віктар Царыкевіч. Фота: spring96.org
Віктар Царыкевіч. Фота: spring96.org

У чым абвінавацілі мужчыну?

Згодна з матэрыяламі справы, Віктар Царыкевіч ў жніўні мінулага года размясціў у адным з тэлеграм-чатаў "непрыстойны, прыніжальны гонар і годнасць каментар" пад фатаграфіяй старшыні Мастоўскага райвыканкама Юрыя Валеватага. Яго дзеянні кваліфікавалі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (публічная абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса. Санкцыя гэтай нормы не прадугледжвае пазбаўленне волі. 

Таксама паводле абвінавачвання, Віктар Царыкевіч у верасні-кастрычніку правёў цэлую серыю акцый, якія, на думку пракуратуры, «адрозніваліся па сваім змесце выключным цынізмам»:

  • нанёс бел-чырвона-белыя лініі на дарозе паблізу вёсак Савінка, Заполле і аграгарадка Дубна Мастоўскага раёна;
  • «павесіў пудзілы ў міліцэйскай форме і ўчыніў надпісы» пад навесамі прыпынкаў «Мікелеўшчына», «Дубна» і «Чарлёна»;
  • у лесе паміж горадам Масты і аграгарадком Масты Правыя намаляваў на 33 дрэвах БЧБ-сцягі, у полі расставіў таблічкі ў выглядзе рытуальных надмагілляў "з надпісамі, якія дэманструюць грэбаванне да дзяржаўнага парадку кіравання", а побач з таблічкамі паставіў труну з пудзілам у форме супрацоўніка міліцыі.

Гэтыя дзеянні былі кваліфікаваныя паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства і злоснае хуліганства). Санкцыя гэтай нормы прадугледжвае пазбаўленне волі да шасці гадоў. Суддзя Сініла прызначыў жыхару Мастоў пакаранне — пазбаўленне волі тэрмінам на адзін год у калоніі агульнага рэжыму. Таксама па прысудзе суда ў Царыкевіча канфіскуюць яго аўтамабіль. Верагодна, як сродак здзяйснення злачынства па арт. 339 Крымінальнага кодэкса.

Віктар Царыкевіч. Фота: spring96.org
Віктар Царыкевіч. Фота: spring96.org

У Мастах судзяць мужчыну за акцыі з пудзіламі ў міліцэйскай форме

У судзе Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці 21 студзеня пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Віктара Царыкевіча па абвінавачванні па ч. 1 і 2 арт. 339 (Хуліганства і злоснае хуліганства) і 369 (публічная абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса.

Крыніца: У Мастах на год калоніі асудзілі мужчыну за акцыі з пудзіламі, трунамі і БЧБ-сцягамі. У яго таксама канфіскавалі машыну