Суд Савецкага раёна 26 студзеня пачаў разгляд крымінальнай справы па ч.1 арт. 342 КК супраць 21-гадовага палітзняволенага студэнта БДУІР Арцёма Вінакурава за заклікі ва ўніверсітэце да страйку. Яго абвінавачваюць у тым, што ён сарваў 26 кастрычніка вучэбныя заняткі, што пацягнула "зрыў навучальнага працэсу і недаатрыманне ведаў студэнтамі БДУІР". На судзе ўжо было дапытана дзесяць сведак: выкладчыкі і студэнты БДУІР, ахоўнік і бацькі Арцёма. Па іх словах, заняткі былі прыпыненыя на 5-15 хівлін, але прэтэнзіяў ніхто не мае да гэтага. Ніхто з іх не заявіў, што менавіта праз дзеянні Арцёма яны ў той дзень недаатрымалі веды на занятках. Арцёма Вінакурава многія пазналі толькі на відэа са спрэчкай з дэканам БДУІР Леанідам Шылінам, якое студэнты выклалі ў інтэрнэт. На судзе быў дапытаны і сам Шылін: ён папрасіў прабачэнне ў абвінавачанага, сказаў, што Арцёма падманулі. Справу разглядае суддзя Марына Фёдарава. "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс.  Студэнт Арцём Вінакураў і дэкан Леанід Шылін 26 кастрычніка ў аўдыторыі БДУІР

"Агітаваў студэнтаў сарваць навучальны працэс і зладзіць забастоўку". У чым абвінавачваюць палітвязня?

Арцёма Вінакурава абвінавачваюць па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Так, ён "26 кастрычніка ў групе неўстаноўленых асоб з мэтай парушэння адукацыйнага працэсу хадзіў па аўдыторыях і агітаваў студэнтаў пакінуць навучальныя заняткі, сарваць навучальны працэс і зладзіць мітынг, забастоўку". Ён не рэагаваў на патрабаванні супрацоўнікаў Дэпартаменту аховы спыніць свае дзеянні. Таксама па абвінавачванні Арцём "з мэтай натхнення навакольных выкрыкваў і скандаваў лозунгі: "Далучайся", "Мы тут власть", якія груба парушаюць грамадскі парадак". Гэта пацягнула "зрыў навучальнага працэсу і недаатрыманне ведаў студэнтамі БДУІР". Вінакурава абвінавачваюць у парушэнні Кодэкса аб адукацыі, правілаў ўнутранага распарадку, Закона аб масавых мерапрыемствах. Паводле абвінавачвання, ён дзейнічаў у "групе асобаў", аднак на лаве падсудных — адзін Арцём Вінакураў. 

Студэнт цалкам прызнаў віну. Падтрымаць палітзняволенага студэнта прыйшло шмат людзей. Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае памочнік пракурора Савецкага раёна Раман Чабатароў

Арцём Вінакураў будзе дапытаны пазней — пасля допыту ўсіх сведак. 

Сведка-ахоўнік: Дазнаўся пра Вінакурава пасля прагляду відэа, каардынатараў на акцыі не было

Першым на судзе ў якасці сведкі быў дапытаны 24-гадовы ахоўнік універсітэту Арцём Баруценка. У судзе ён распавёў, што 26 кастрычніка на дзяжурства ён заступіў ў 8:00, а ўжо праз гадзіну пачаліся несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы: "Сабраліся каля галоўнага ўваходу БДУІР, а потым пайшлі па кабінетах 4 корпуса". На судзе ахоўнік не змог успомніць, ці быў сярод тых людзей абвінавачаны. Ён яго не бачыў непасрэдна акцыях, а тое, што Вінакураў там быў, Баруценка дазнаўся пасля таго, як паглядзеў відэа.

"Я рабіў пару заўваг. На іх яны не адрэагавалі. Яны іх не чулі. Выкрыквалі нешта, але што — не памятаю. "Жыве Беларусь", дакладна не памятаю. Сімволікі ў іх не было, быў адзін плакат, можа парачку".

У судзе зачыталі пратакол допыту ахоўніка ў сувязі з істотнымі супярэчнасцямі. Пасля падзеяў ён казаў, што падчас перапынку каля 8:55 ён заўважыў групу студэнтаў у колькасці 7 чалавек. Потым сабралася каля 15-20 чалавек.

"Кагосьці, хто каардынаваў — не было. У некаторых былі плакаты і сцягі. Я ішоў за імі. Здымаў на дазор. Студэнты заходзілі ў аўдыторыі, крычалі "Мы тут власть", пляскалі ў далоні, заклікалі далучыцца. Потым пайшлі ў 5 корпус. Я ішоў за імі і здымаў на дазор. Студэнты заходзілі ў аўдыторыі і выкрыквалі лозунгі. Шмат папярэджваў", — сведчыў падчас папярэдняга следства Баруценка.

Дэкан Шылін: Я ім гучна пракрычаў, што гаспадар тут я

Потым у судзе быў дапытаны дэкан факультэта інфармацыйных тэхналогій і кіравання Леанід Шылін. У судзе ён распавёў, што 26 кастрычніка дэканат праводзіў праверку заняткаў на наяўнасць студэнтаў. Шылін абраў 4 корпус і пайшоў правяраць. У адной з аўдыторыяў ён убачыў групу студэнтаў, ён пачаў іх папярэджваць, што яны замінаюць заняткам:

"Сказаў: "Маладыя людзі, вы перашкаджаеце заняткам. З размовы я памятаю мала. Яны мне адказалі: "Мы студэнты — мы гаспадары"" Я ім гучна пракрычаў, што гаспадар тут я. Была сварка. Малады чалавек пачаў штосьці казаць, я сказаў "Дурак!". Я пачаў выводзіць іх з аўдыторыі, але мала, хто сышоў. Я прайшоў усе аўдыторыі — усе былі на занятках. Потым студэнты выклалі відэаролік.

Вінакураў быў правадыром. Ён быў актыўны. Быў лідэрам групы. Усе ішлі за ім".

Па яго словах, у аўдыторыі зайшло чалавек 20. Адвакат запытаў у дэкана, ці з гэтай групай людзей у яго быў канфлікт.

"Не, была агрэсія, я зачыняў дзверы, а там паставілі нагу. Іншы чалавек, не абвінавачаны".

Адвакат удакладніла ў Шыліна, што ён меў на ўвазе, калі казаў, што "гаспадар тут я". На гэта дэкан адказаў, што ён чалавек, які адказвае за адукацыйны працэс. На пытанне адвакаткі, як праходзіць праверка наведвальнасці студэнтаў, Шылін распавёў, што лектар правярае, але ёсць план наведвання для дэканата.

"Праверка доўжылася пяць-сем хвілін. У 108-й аўдыторыі было 100 чалавек. Я ўвайшоў і сказаў, што я з праверкай. Я крычаў: "Выходзім-выходзім". Лаянкавых словаў я не прамаўляў. Яны так мяліся, але прыбралі свой плакат. Такога прыніжэння за 50 гадоў працы ва ўніверсітэце не было. Яны лічылі, што яны ў праве дыктаваць умовы".

У зале суда дэкан звярнуўся да абінавачанага, які ўтрымліваецца пад вартай:

"Арцём, я паважаю вас як чалавека, прыношу свае прабачэнні. Я веру, што Вы сумленны чалавек, але Вас дзесьці падманулі".

На судзе з-за супярэчнасцяў прачыталі пратаколу допыту Шыліна падчас следства:

"26 кастрычніка праводзіў праверку наведвальнасці. Былі людзі, падобныя на студэнтаў. Мне заміналі зачыніць дзверы. Чалавек у фіялетавай кашулі. Была лекцыя Мяцельскага, уварваліся і сарвалі навучальны працэс. Была спланаваная акцыя з мэтай парушэнння працы ўніверсітэта і ўдзелу ў беспарадках. Быў выразны падзел роляў. Хтосьці са сцягамі, хтосьці крычаў, а ён крычаў, што яны хочуць задушыць нас. Навучальны працэс быў сарваны як мінімум на 10 хвілін".

Адвакат настойвае, што перапынак на 5-10 хвілін нельга назваць зрывам заняткаў. 

Дацэнт БДУІР: Заняткі не былі сарваныя

Трэцім па справе Вінакурава быў дапытаны дацэнт кафедры электронных вылічальных машын Юрый Луцык. На судзе ён заявіў, што не памятае, каб 26 кастрычніка ў яго быў зрыў вучэбных заняткаў:

"Ні адзін занятак не быў сарваны. Акрамя каранавіруса".

Студэнтка: Усё было мірна

Наступная сведка на судовым працэсе — 16-гадовая студэнтка Зенчанка. 26 кастрычніка яна была на лекцыі ў дацэнта Луцыка. Яна распавяла, што на заняткі на 5-7 хвілін зайшла група асоб і прасіла выйсці падтрымаць страйк. Плакатаў яна ніякіх не памятае, а з той групы студэнтаў нікога не ведае. Але падчас следства яна сведчыла, што ў аўдыторыю зайшоў малады хлопец, які заклікаў сысці з заняткаў. Па яе старых паказаннях, лекцыя была перапыненая на 10-15 хвілін. Заклікаў хлопец у чырвоных красоўках і акулярах — яна пазнала яго на відэа. На судзе яна сказала, што ўжо нічога не памятае, але ўсё было мірна. 

Стараста: Лекцыя прыпынілася прыкладна на 10 хвілін

На судзе быў дапытаны і стараста групы БДУІР. На судзе ён распавёў, што на лекцыю Луцыка зайшлі 10-15 чалавек і прасілі далучыцца да страйку, але не ведае на які. На судзе стараста сказаў, што не запомніў нікога, бо ўсе былі ў масках, на відэа таксама нікога не апазнаў. Але падчас следства ў снежні стараста даваў іншыя паказанні:

"Зайшоў чалавек без маскі. Студэнт. Апісаць і апазнаць не магу. Бчб-сімволіку не бачыў, ці крычалі яны лозунгі — не ведаю. Дазвол выступаць ён не пытаўся. Хто менавіта пляскаў у далоні я не ведаю. Далучыліся студэнты не з маёй групы. Відэазапіс я бачыў у інтэрнэце".

Па словах старасты на судзе, лекцыя не праводзілася прыкладна на працягу 10 хвілін.

У судзе дапыталі і бацькаў Арцёма Вінакурава. 

Выкладчык: У 2014 годзе Міністр адукацыі прыходзіў, я не вёў лекцыю 20 хвілін.

Сведка-дацэнт БДУІР Васіль Мяцельскі распавёў на пытанне пракурора, ці спрабавалі 26 кастрычніка сарваць яму заняткі:

"За паўгадзіны ад пачатку заняткаў зайшоў дэкан. Потым зайшлі студэнты — 30 чалавек. Яны пачалі нешта выкрыкваць, Я ўжо быў хворы на каранавірус. Яны нешта прапаноўвалі, але я не памятаю што. Гэта заняла не больш 10-15 хвілін. У іх быў сцяг, сімволіка".

Па яго словах, ён паскорыўся, каб паспець выкласці студэнтам увесь матэрыял, а тое што не паспеў — выслаў ім. Пракурор запытаў, ці аказаў прыход студэнтаў на лекцыю ўплыў, на што Мяцельскі адказаў:

"У 2014 годзе Міністр адукацыі прыходзіў, я не вёў лекцыю 20 хвілін".

Таксама ён распавёў, што ў яго на лекцыі адбылася спрэчка паміж Шылінам і студэнтамі.

На судзе дапыталі яшчэ аднаго студэнта БДУІР — Івана Махавікова. Ён распавёў, што ён быў на лекцыі Мечанкова, калі зайшла група асобаў — "чалавек 50-100", яны прапанавалі далучыцца да страйку. Праз 5 хвілін яны пакінулі аўдыторыю.

Суд працягваецца. Інфармацыя дапаўняецца.

Паводле звестак МУС, 26 кастрычніка ён разам з іншымі навучэнцамі зайшоў у аўдыторыю, дзе праходзіў занятак, і пачаў заклікаць да страйку. Пасля таго, як дэкан факультэта інфармацыйных тэхналогій і кіравання Леанід Шылін зрабіў заўвагу студэнтам і папрасіў іх выйсці з аўдыторыі "у яго адрас пасыпаліся абразы і пагрозы". Арцём быз затрыманы 28 кастрычніка, супраць яго была распачатая крымінальная справа аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (артыкул 342 Крымінальнага кодэкса). Да суда ён утрымліваўся ў СІЗА ў Жодзіна.

Крыніца: "Навучальны працэс быў сарваны як мінімум на 10 хвілін". У Мінску судзяць студэнта за заклікі да страйку Дапоўнена