25 студзеня праваабаронцы "Вясны" працягваюць сачыць за палітычным пераследам у Беларусі: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволеннасць дзеяннямі ўладаў.   Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

У судзе Першамайскага раёна Мінска раніцай 25 студзеня затрымалі блогерку Вольгу Такарчук, куды яна прыйшла па позве. Суддзя Максім Трусевіч аштрафаваў яе на 30 базавых велічыняў па ч. 1 арт. 23.34 КаАП за яе відэа YouTube, па якім прыйшлі да высновы, што Вольга прыняла ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 29 лістапада. Блогерка віну не прызнала і сказала, што відэа яна рабіла раней, а 29 лістапада толькі выклала. Пасля абвяшчэння рашэння Вольгу Такарчук затрымалі наўпрост у зале суда. Яе затрымалі за 23 снежня за пікетаванне на балконе з шарыкамі, што нібыта падцвярджаецца відэа.

У Мінску раніцай таксама была затрымана Наталля Васільеўна Нічыпар. Прычыны затрымання і месцазнаходжанне жанчыны высвятляецца. 

Па інфармацыі "БАЖ", на журналіста-фрылансера Іллю Дабратвора склалі новы пратакол і будуць судзіць. 30 лістапада Іллю затрымлівалі пры асвятленні “Маршу мудрасці” ў Мінску, а праз суткі аштрафавалі на 50 базавых па артыкуле 23.34 КаАП. У пятніцу, амаль праз два месяцы пасля інцыдэнту, Іллю зноў выклікалі ў Цэнтральны РУУС і склалі за падзеі 30 лістапада новы пратакол — цяпер ужо за нібыта непадпарадкаванне міліцыі (арт. 23.4 КаАП). Судзіць Іллю Дабратвора будуць 28 студзеня а 14:30 у судзе Цэнтральнага раёна. Дарэчы, забраныя пасля затрымання тэлефон, грошы і флэш-карты журналісту дагэтуль не вярнулі.

Як піша TUT.BY, палітзняволенага Яна Салановіча, студэнта БДУІР і экс-супрацоўніка навукова-тэхнічнага цэнтра КДБ, якога ў лістападзе-снежні восем разоў судзілі за ўдзел у нядзельных маршах, адлічылі з універсітэта. У суботу яго сям'я атрымала з ВНУ адпаведны ліст. У дакуменце напісана, што Ян адлічаны з 12 студзеня 2021 года за "непаспяховасць па трох і больш вучэбных прадметах".

Інфармацыя дапаўняецца.

Дзе і як шукаць затрыманых у Мінску?

Сабралі інфармацыю аб тым, куды можна звяртацца, каб даведацца, дзе знаходзіцца затрыманы.

Крыніца: Затрыманні працягваюцца ў панядзелак, 25 студзеня Дапоўнена