22 студзеня праваабаронцам “Вясны” перадалі ўзнагароды прэстыжнай прэміі “За годны лад жыцця” (Right Livelihood Award), якой у снежні 2020 года быў адзначаны Праваабарончы цэнтр і яго кіраўнік Алесь Бяляцкі. Амбасадарка Швеціі ў Беларусі Крысціна Юханэссан падчас урачыстага прыёму сказала, што радая, што яе краіна адзначыла гэтай высокай узнагародай унёсак вясноўцаў у абарону правоў чалавека і яна асабіста змагла ўручыць дыплом і статуэтку, выплаўленую з рэштак нелегальнай зброі, канфіскаванай падчас ваенных канфліктаў у Лацінскай Амерыцы.

uznagaroda_viasna.jpg
Амбасадарка Швеціі ў Беларусі Крысціна Юханэссан

Дзякуючы вам увесь свет ведае пра тое, што адбываецца ў краіне, колькі людзей пацярпела, прайшло праз прыніжэнні і катаванні, колькі палітвязняў знаходзіцца сёння за кратамі. Але мы, безумоўна, разумеем, наколькі гэта цяжкая і важная  дзейнасць. Разумеем, што тое, з чым вы кожны дзень маеце справу, не заўсёды можа вытрымаць звычайны чалавек. Разумеем, колькі бяссонных начэй і турботных дзён вы правялі, складаючы спісы затрыманых, катаваных, зніклых… Разумеем, што гэта каштуе вам надзвычайных маральных і фізічных высілкаў.

Але вы працягваеце сваё змаганне ў імя вашай краіны і народа нават пад пагрозай пераследу. Веру, што ваша высакародная дзейнасць дасць свой плён і аднойчы - хацелася б, каб гэта здарылася як мага хутчэй - у Беларусі ўсталюецца мір, адзінства і ўзаемаразуменне”, - падкрэсліла Крысціна Юханэссан.

uznagaroda_viasna1.jpg
Алесь Бяляцкі і Крысціна Юханэссан
Алесь Бяляцкі і Крысціна Юханэссан
Алесь Бяляцкі і Крысціна Юханэссан

Нагадаем, старшыня праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі і арганізацыя сталі першымі беларускімі лаўрэатамі прэстыжнай міжнароднай узнагароды «Right Livelihood Award», вядомай як «Альтэрнатыўная Нобэлеўская прэмія». Беларускія праваабаронцы атрымалі ўзнагароду за ролю ў барацьбе за дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі. Урачыстае ўзнагароджанне адбылося 3 снежня ў Стакгольме.

Алесь Бяляцкі і «Вясна» атрымалі прэстыжную міжнародную прэмію «За годны лад жыцця – 2020»

Абвяшчэнне пераможцаў прэміі, якую часта называюць “альтэрнатыўным Нобелем”, адбылося 1 кастрычніка. Акрамя “Вясны” сёлета ўзнагароду атрымалі іранская адвакатка Насрын Сатудэх, амерыканскі актывіст руху за грамадзянскія правы Браян Стывенсан і экаактывістка Лоці Канінгем Рэн з Нікарагуа.

Крыніца: Праваабаронцам “Вясны” перадалі дыплом і статуэтку прэстыжнай прэміі “За годны лад жыцця”