22 студзеня праваабаронцы "Вясны" працягваюць сачыць за палітычным пераследам у Беларусі: затрыманні, вобшукі, новыя крымінальныя справы і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволеннасць дзеяннямі ўладаў.   Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • +375 17 377 55 40.
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Бабруйск

У Бабруйску 22 студзеня з раніцы праходзяць ператрусы ў некалькіх мясцовых актывістаў. Тэлеграм-канал "Бабруйск online" паведамляе пра ператрусы мінімум у пяці чалавек.

  • Сяргея Беляева;
  • Елізаветы Літвінавай;
  • Алены Каракулі; Алену Каракулю пасля ператрусу даставілі на допыт у Следчы камітэт.
  • Андрэя. Верагодна гутарка ідзе пра Андрэя Сініцу.  Па інфармацыі "Белсат", Андрэя Сініцу ўвосень затрымалі і судзілі за зніч каля помніку ахвярам рэпрэсіяў, а потым пагражалі паставіць сям'ю на ўлік як сацыяльна небяспечную. Сёння, як распавёў сын Андрэя, з самай раніцы да іх прыйшлі з ператрусам нібыта ў межах крымінальнае справы за абразы працаўнікоў міліцыі.
  • Віктара Качана (журналіст "Бабруйскага Кур'ера"). Даставілі ў РАУС.

Ліда

Затрыманы ў сераду незалежны журналіст Юрый Дзяшук з’яўляецца падазраваным па крымінальнай справе аб злосным хуліганстве (ч.2  арт. 339 Крымінальнага кодэкса). Журналіст быў змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання на 72 гадзіны да прыняцця рашэння аб абранні меры стрымання. Пра гэта "БАЖ" паведамілі родныя Юрыя Дзешука.

Юрый Дзяшук
Юрый Дзяшук

Родныя мяркуюць, што затрыманне журналіста звязанае з крымінальнай справай, якую завялі з нагоды падтрымкі асуджанага на 5 гадоў зняволення актывіста Вітольда Ашурка ў судзе.

20 студзеня ў Лідзе міліцыя затрымлівала многіх, хто прысутнічаў на агалошванні прысуду Ашурку. Журналістка Вольга Быкоўская на сваёй старонцы ў Facebook размясціла відэа інцыдэнту пасля суда над Ашуркам. На ім бачна, як людзі ў залі абураюцца прысудам і крычаць “Ганьба!” і “Верым! Можам! Пераможам!”. Але на відэа выразна бачна, што Юрый Дзяшук (справа ў белым шаліку) заняты выключана журналісцкай працай — ён увесь час здымае падзеі на тэлефон. Іншыя акалічнасці справы пакуль невядомы.

Будзе дапаўняцца

Крыніца: Вобшукі ў Бабруйску, крымінальная справа супраць журналіста Дзешука. Пераслед 22 студзеня