Суд Ленінскага раёна Магілёва 21 студзеня асудзіў 50-гадовага Сяргея Базука паводле ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (Хуліганства) на адзін год "хіміі", паведамляе MAYDAY. Яго абвінавацілі ў тым, што 26 кастрычніка і 11 лістапада ён раскідаў на службовых стаянках каля абласнога ўпраўлення міліцыі, Камітэта дзяржаўнага кантролю, 11-га ўпраўлення ГУБАЗіК і Следчага камітэта саморезы, каб супрацоўнікі гэтых ведамстваў прабілі колы службовых машын. Ад дзеянняў магілёўца пацярпеў толькі супрацоўнік КДК, які ацаніў шкоду ў 30 рублёў. Справу разглядала суддзя Аксана Ратнікава. Мужчыну трымалі пад вартай з 16 лістапада, сёння яго вызвалілі ў зале суда. Сяргей Базук на судзе сваю віну прызнаў цалкам і раскаяўся. Нанесеная шкода ў 30 рублёў абвінавачаны кампенсаваў яшчэ да першага судовага паседжання. Дзяржабвінаваўца запытваў для мужчыны 1,5 года пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму, адвакат прасіў абысціся крымінальным арыштам. У выніку суддзя суда Ленінскага раёна Аксана Ратнікава пакарала магілёўца абмежаваннем волі з адбыццём у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на адзін год.

Сяргей Базук. Фота: MSPRING.MEDIA
Сяргей Базук. Фота: MSPRING.MEDIA

Падрабязнасці суда:

У Магілёве распачаўся суд за раскіданыя самарэзы каля будынкаў сілавых органаў

Суд Ленінскага раёна Магілёва 5 студзеня пачаў разгляд крымінальнай справы па ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства) у адносінах да 50-гадовага Сяргея Базука. Яго абвінавачваюць у тым, што 26 кастрычніка і 11 лістапада раскідаў на службовых стаянках каля абласнога ўпраўлення міліцыі, Камітэту дзяржаўнага кантролю, 11-га ўпраўленьня ГУБАЗіК ды Следчага камітэту самарэзы, каб супрацоўнікі гэтых ведамстваў прабілі колы службовых машын.

Крыніца: Магілёўца асудзілі на год "хіміі" за раскіданыя самарэзы каля будынкаў сілавых органаў