Дзмітрый Дубкоў у судзе. Фота: auto.onliner.by Суд Савецкага раёна горада Мінска працягвае разглядаць крымінальную справу палітвязня Дзмітрыя Дубкова. Яго абвінавачваюць па ч. 3 арт. 214 і ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса.

Справу разглядае суддзя Алена Жуковіч. Дзяржаўны абвінаваўца — пракурор Настасся Маліка. Пацярпелыя —  кіроўцы тралейбуснага парка №4 Віктар НавадворскіАндрэй Аўтушка, слесар-электрык тралейбуснага парка №4 Сяргей Лізгірда.

Дзмітрый Дубкоў — 29-гадовы дальнабойшчык. У ноч з 10 на 11 жніўня ён прысутнічаў на акцыі пратэсту каля станцыі метро "Пушкінская" ў Мінску. Яго папрасілі перагарадзіць дарогу машынай, што ён і зрабіў. Ён знаходзіцца пад вартай з 15 жніўня.

Мінск: пачаўся суд над палітвязнем Дзмітрыем Дубковым

Дзмітрый Дубкоў віну не прызнае.

"Сеў, завёў, пасігналіў, каб ніхто не трапіў пад колы, павярнуў налева і спыніўся"

Другое паседжанне па справе адбылося 15 студзеня. На ім прагдзеделі відэаматэрыялы і дапыталі абвінавачанага. Палітвязень Дзмітрый Дубкоў распавёў, што ў той дзень ён з сябрамі прыехаў у Мінск прагуляцца: яны пайшлі паглядзець на тое, што адбываецца. Ён не ведаў, што акцыя несанкцыянаваная. На Нямізе яны пабачылі АМАП і вырашылі ехаць на Прытыцкага: праз корак прыпаркавалі машыну і праехалі прыпынак на тралейбусе. 

Калі нехта з натоўпа на вуліцы запытаў, ці ўмее хто кіраваць машынай МАЗ, ён адгукнуўся. Першы раз, калі Дубкоў бачыў МАЗ, нейкі чалавек стаяў на прыступках машыны і размаўляў з кіроўцам: палітвязень бачыў яго толькі са спіны — на ім было спартовае адзенне, капюшон, пляцак. Невядомы, які даваў яму ключы, сказаў, што "машына нашая". Дубкоў выршыў дапамагчы, каб заблакаваць рух супрацоўнікам сілавых структур.

"Сеў, завёў, пасігналіў, каб ніхто не трапіў пад колы — з мэтай папярэдзіць і пазбегнуць ДТЗ, павярнуў налева і спыніўся", — так палітвязень апісвае свае паводзіны. Аднак, калі Дубкоў сеў за стырно, то нейкія людзі крычалі і прапаноўвалі яму разагнаць МАЗ у бок супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Тады ён зразумеў, што яго падбухторваюць на нешта большае, чым "перагнаць машыну" і не стаў у гэтым удзельнічаць: спыніў МАЗ, працёр стырно, аддаў ключы таму хлопцу, ад якога іх атрымаў, знайшоў сябра і вярнуўся туды, адкуль прыехалі.

Той самы МАЗ. Фота: auto.onliner.by
Той самы МАЗ. Фота: auto.onliner.by

Дзмітрый Дубкоў прызнаў сваю віну толькі ў той частцы, што перагнаў машыну. У абвінавачанні ў блакіроўцы руху катэгарычна не згодны: ён быў заблакаваны ўжо да ягоных дзеянняў. Што МАЗ службовы, ён не ведаў. Ён адзначыў, што не павеўся на правакацыі, бо выступае супраць гвалту: на ягонае меркаванне, акцыі ў Мінску былі не масавымі беспарадкамі, а мірнымі пратэстнымі акцыямі. Абвінавачванне, датычнае папярэдняй змовы з групай асобаў, палітвязень лічыць за абразу. 

Таксама палітвязень адзначыў, што заяву з прызнаннем пісаў фактычна пад дыктоўку супрацоўніка, папярэдне распавёўшы ў КДБ, што рабіў 9-10 жніўня. 

Вышук на 21,8 тысяч рублёў

Дзяржабвінаваўца запрасіла хадайніцтва аб спагнанні 21 861 рублёў і 69 капеек на карысць Мінсктранса. На паседжанні 18 студзеня прадстаўніца Мінсктранса сказала, што тлумачэнняў даваць не будзе: адзначыла толькі факт вышуку. На пытанне разліку шкоды адказала, што не можа растлумачыць механізм, бо некампетэнтная ў гэтым пытанні і не ўдзельнічала ў разліку. 

Палітвязень Дзмітрый Дубкоў, адказваючы на пытанні пракурора, адзначыў, што не бачыў моманту, калі кіроўца выйшаў з машыны: яго заўпэўнілі, што яму аказваюць медычную дапамогу. 

Суддзя зачытаў пратакол допыту, дзе Дубкоў паказваў, што падзеі дзясятага жніўня пачалі з мірнага пратэсту пераўтварацца ў масавыя беспарадкі. Палітвязень адзначыў, што на той момант не разумеў паняцця "масавыя беспарадкі", а камунікаваць з адвакатам яму не дазвалялі. 

18 студзеня таксама былі завершаныя даследаванні пісьмовых матэрыялаў справы.

Наступнае паседжанне адбудзецца 19 студзеня ў 11.30.

Крыніца: Палітвязень Дзмітры Дубкоў пра абвінавачанне: "Сеў, завёў, пасігналіў, павярнуў налева і спыніўся"