Ілюстрацыйнае фота: svaboda.org У Берасьці 1 траўня ўсіх людзей, якія трымалі чыстыя аркушы паперы, затрымалі міліцыянты. Акцыя адбывалася каля кінатэатру «Беларусь», яе анансавала абласная ініцыятыва «Свае людзі».

Затрыманыя прынамсі чатыры чалавекі. Сярод іх Інга Абрамава, імёны трох пакуль невядомыя. Актывісты не выкрыквалі ніякіх лёзунгаў, проста стаялі і трымалі чыстыя аркушы паперы, паведамляе Свабода.

Перад акцыяй у горадзе быў затрыманы адзін зь яе ініцыятараў Аляксандар Кабанаў, а таксама, блогер, журналіст Зьміцер Гарбуноў.

У Баранавічах тым часам каля дзесяці актывістаў выйшлі на плошчу Леніна. Людзі плянавалі ўзяць у рукі чыстыя лісты паперы, але потым адмовіліся ад гэтай ідэі, баючыся затрыманьняў. Адзін ўсё ж дастаў чысты ліст і быў затрыманы міліцыяй.

Крыніца: У Берасці і Баранавічах затрымалі ўдзельнікаў акцыі «чыстых аркушаў»