Чацвёртага снежня "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, новыя крымінальныя справы, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Мінск
Як паведаміў блогер Антон Матолька ў сваім тэлеграм-канале, супрацоўнікі цэнтральнага апарату КДБ каля 17 гадзін у Мінску затрымалі Валерыю Эйсмант, былую супрацоўніцу мінскай пракуратуры і дзяўчыну палітвязня Яўгена Юшкевіча. Прыблізна ў гэты час быў вызвалены і сам Яўген Юшкевіч – яму змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе.
Па словах адваката, Валерыя Эйсмант дастаўленая ў СІЗА на тэрмін да трох сутак, піша TUT.BY.
Палітвязню Яўгену Юшкевічу змянілі меру стрымання. Цяпер ён на волі
Прыблізна ў 18:40 былая карэспандэнтка і вядучая СТБ, а цяпер падазраваная па арт. 342 КК, Алёна Чарняўская паведаміла, што ў яе доме адбываецца ператрус. Алёну затрымалі 1 лістапада на нядзельным маршы, яна стала адной з 231 падазраваных у крымінальнай справе.
У Мінску 4 снежня таксама была затрыманая Вікторыя Ляшчынская. Яе даставілі ў ЦІП, падрабязнасці выствятляюцца.
Пружаны
Праваабаронцам "Вясны" паведамілі, што ў Пружанах былі затрыманыя Вольга Хамічук і Валенціна Корсак. Вядома, што жанчын завезлі ў Маскоўскі РАУС Брэста, магчыма, у межах крымінальнай справы.
Інфармацыя будзе дапаўняццца