У судзе Савецкага раёна горада Мінска пачаўся працэс па крымінальнай справе ў дачыненні да Наталлі Хершэ па частцы 2 артыкула 363 (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў). 51-гадовую жанчыну абвінавачваюць у тым, што пры аказанні супраціву пры затрыманні на жаночым маршы 19 верасня яна сарвала маску амапаўцу і падрапала яго. Пацярпелы — 22-гадовы Сяргей Кончык, супрацоўнік АМАП ГУУС Мінгарвыканкама. Суддзя — Сяргей Шаціла.

Абвінавачаная

Наталля Херше мае падвойнае грамадзянства — Беларусі і Швейцарыі. Пастаянна пражывае ў Швейцарыі разам з непаўналетняй дачкой, з'яўляецца ўдавой. Бывае ў Беларусі раз у год. Чарговым разам яна прыехала ў Менск 11 верасня і пасля сустрэчы з сяброўкай 19 верасня яна ўбачыла Жаночы марш каля Камароўскага рынку. Дастала бел-чырвона-белы сцяг і вырашыла далучыцца да шэсця. Гэта адзіны раз, калі Наталля паўдзельнічала ў маршы (на 21 верасня ў яе быў набыты зваротны квіток у Швейцарыю).

На судовае пасяджэнне Наталлю даставіў канвой. Як паведаміў яе брат Генадзь, Наталля ужо тыдзень знаходзіцца ў СІЗА№1 (вуліца Валадарскага, Мінск). Да гэтага яна знаходзілася ў Жодзіне, а адразу пасля затрымання — на Акрэсціна. Абвінавачванне ў крымінальным артыкуле ёй прад'явілі 6 кастрычніка. У зале судовага паседжання яна знаходзілася за металічнай кратамі і без шнуркоў на яе абутку.

natallia_hershe.jpg
Наталля Хершэ

Абвінавачванне і віна

У абвінавачванні ўказана, што Натальлю затрымалі 19 верасня каля 17 гадзін у рамках адміністрацыйнага парушэння артыкула 23.34 Каап РБ. Пры затрыманні Наталля не падпарадкавалася патрабаванню супрацоўнікаў прайсці ў спецаўтатранспарт, спрабавала збегчы, а калі яе дзеянні былі спыненыя супрацоўнікам АМАП Кончыкам, яна наўмысна аказала супраціў з гвалтам: вырывалася і ўпіралася, схапіла Кончыка за твар і падрапала, сцягнула балаклаву, тым самым сапсавала форменнае абмундзіраванне (парвала балаклаву) і нанесла цялесныя траўмы.

На пытанне аб прызнанні сваёй віны Наталля адказала наступнае:

“Я не прызнаю віну ў тым, што ўдзельнічала ў несанкцыянаваным мітынгу (раней Наталлю асудзілі па ч. 1 арт. 23.34 Каап, яна абскардзіла рашэнне суда, але безвынікова — заўв.). Я прызнаю віну ў тым, што ўдзельнічала ў мірнай акцыі пратэсту. Я не прызнаю віну ў тым, што нанесла цялесныя пашкоджанні. Прызнаю тое, што спрабавала зняць балаклаву".

Таксама Наталля выказала жаданне зірнуць на пацярпелага Кончыка, які ў зале судовага пасяджэння быў у медыцынскай масцы. Суддзя адхіліў гэтую просьбу:

"Гэта немагчыма. Паколькі ужытыя меры бяспекі ў адносінах да супрацоўніка, у зале прысутнічаюць іншыя людзі".

Паказанні абвінавачанай

На пытанне дзяржабвінаваўцы аб тым, ці знаёмая была Наталля з палітычнай сітуацыяй у краіне, жанчына адказала:

“Я чытала навіны пра некалькі смерцях і дзясятках зніклых без вестак. Таксама я ўдзельнічала ў выбарах у консульстве Беларусі ў Берне, і там па выніках выбараў за Лукашэнку прагаласавала 34 чалавекі, а за Ціханоўскую — 258. Я меркавала, што вынік галасавання ў Беларусі будзе крыху іншым, але не настолькі кардынальна. Упэўненая, што выбары прайшлі несумленна".

Наталля падкрэсліла, што на момант затрымання яна памятала пра выпадкі смерцяў у Беларусі і менавіта таму зрабіла спробу збегчы, каб выратаваць сябе.

"Я была ўпэўненая, што гэта дарога да смерці. Я баялася, што стану адной з ахвяраў, пра якія было вядома на той момант", — адзначыла яна на судзе, апісваючы, як яе і іншых жанчын спрабавалі завесці ў грузавы аўтамабіль людзі ў аліўкавай форме, якія не прадставіліся.— "Калі я была ў некалькіх кроках ад аўтамабіля, да мяне спантанна прыйшла ідэя, што калі я пагляджу ў вочы чалавеку [супрацоўніку Кончыку—заўв.], то, як бы смешна гэта ні гучала, ён зжаліцца нада мной і адпусціць мяне. Я павярнулася да яго і зрабіла спробу зняць балаклаву. У маіх намерах не было прычыняць яму фізічны боль”.

Паказанні пацярпелага амапаўца і маральная кампенсацыя за "выкрыццё”

Кончык растлумачыў, што 19 верасня заступіў на службу а 12 гадзіне. Быў апрануты ў форменнае абмундзіраванне без апазнавальных знакаў. Тако рашэнне было дадзена камандзірам. Пры сабе са спецтэхнікі меў кайданкі і гумовую палку. Паступіў загад выехаць на ГЦ "Айсберг" і разбіць на групы пратэстоўцаў-жанчын па 20-30 чалавек. У групе Кончыка і апынулася Наталля. Сам Кончык не прадстаўляўся. Ён папрасіў яе пайсці у спецтранспарт, каб адвезьці ў РУУС для наступнага ўстанаўлення асобы. Хершэ пачала ўцякаць. Ён схапіў яе за талію, спрабаваў прыпадняць для таго, каб хутчэй здейсніць затрыманне, бо ў горадзе "было шмат людзей". Хершэ сцягнула з яго балаклаву са словамі "Што ты баішся?”. Яго балаклава праз прарэз для вачэй спусцілася ўніз і засталася на шыі. Ён зайшоў у транспарт і надзеў зноўку балаклаву, бо "там няма камер і старонніх вачэй". На атрыманую драпіну ў вобласці правага вока яму ўказалі калегі. Сам жа ён адчуў толькі паколванне. Відэарэгістратара ў яго з сабой не было, як і ў яго калег, бо "камандзір вырашае, хто будзе выкарыстоўваць відэарэгістратары".

konchyk.jpg
Пацярпелы Сяргей Кончык

Кончык напісаў іскавую заяву на Наталлю Хершэ. У якасці сумы кампенсацыі маральнай шкоды ён указаў 100 рублёў. Але ў зале судовага пасяджэння ён адзначыў, што хацеў бы павысіць кампенсацыю да 1000 рублёў, а ў выпадку станоўчага зыходу ён ахвяруе гэтыя грошы ў РНПЦ дзіцячай анкалогіі.

"На відэа (відэа затрымання Наталлі было зроблена і размешчана ў тэлеграм-канале партала TUT.BY— заўв.) бачна мая патыліца, і людзі даведаліся, дзе я працую, пачалі пагражаць маёй сям'і", — растлумачыў Кончык.

Судовае пасяджэнне працягнецца сёння, у 14.30 — чакаецца апытанне па відэаканферэнцсувязі сведкі Пятрова, які цяпер знаходзіцца ў працоўным адпачынку ў Рагачове.

Крыніца: Пачаўся суд над грамадзянкай Швейцарыі за падраную балаклаву