Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь. Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч звяртаўся  да Генеральнага пракурора Беларусі Андрэя Шведа з просьбай узбудзіць крымінальную справу ў дачыненні да службовых асоб, якія датычныя да затрымання і ціску на сябра Каардынацыйнай рады Марыю Калеснікаву.               

Праваабаронца спасылаецца ў звароце на паведамленні ў СМІ, якія прыводзяць словы Марыі Калеснікавай, аб тым, што 7 верасня яна была затрыманая невядомымі асобамі ў цэнтры г. Мінска і дастаўленая ў кабінет начальніка ГУБАЗіК МУС Карпянкова М.М., у якім прысутнічалі таксама намеснік міністра МУС Казакевіч Г.А., начальнік ААЦ Паўлючэнка А.Ю.

Падчас правядзення “размовы” дадзеныя высокапастаўленыя службовыя асобы абражалі і запалохвалі М. Калеснікаву, у тым ліку пагражалі ёй забойствам у выпадку яе адмовы пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

А паколькі адной з падставаў для ўзбуджэння крымінальнай справы згодна з ч.4 арт 166 КПК Рэспублікі Беларусь з’ўляецца паведамленне аб злачынстве ў СМІ, праваабаронца просіць Генеральнага пракурора правесці праверку выкладзеных у заяве фактаў і ўзбудзіць крымінальную справу.

Такімі паўнамоцтвамі якраз і надзеленая Генеральная пракуратура.

Аднак там вырашылі не абцяжарваць сябе крымінальнымі справамі. У адказе, які Валянцін Стэфановіч атрымаў за подпісам начальніка ўпраўлення Генпракуратуры па нагляду за аператыўна-пашуковай дзейнасцю і выкананнем законаў у дзейнасці органаў дазнання С. Замары, паведамляецца наступнае:

“Растлумачваю, што па выкладзеных у Вашым звароце фактах праверка праводзіцца Галоўным упраўленнем уласнай бяспекі МУС Рэспублікі Беларусь”.

Застаецца дадаць, што праваабаронца звяртаўся да Генеральнага пракурора зусім з іншай просьбай.

Крыніца: Праваабаронца прасіў Генпракурора ўзбудзіць крымінальную справу за ціск і пагрозы ў бок Марыі Калеснікавай. Што атрымаў у адказ