Мікалай Папека. Паэта і пчаляра з Пружанаў Мікалая Папеку абвінавачваюць па арт. 342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Стала вядома, што яго вінавацяць ва ўдзеле ў карагодзе на вуліцах у Берасці, які рабілі пратэстоўцы 13 верасня. Сваю віну Мікалай Папека не прызнае і патрабуе перакласці ўсе дакументы справы на беларускую мову, паведамляе тэлеграм-канал binklbinkl

Паводле Беларускага радыё Рацыя, адбылося гэта ў 06:45 раніцы 30 лістапада, пасля чаго Міколу Папеку павезлі ў Берасце. Інфармацыю пацвердзілі і берасцейскія праваабаронцы «Вясны», дадаўшы што ён затрыманы па крымінальнай справе і знаходзіцца ў ІЧУ Ленінскага раёна Берасця. Па якім эпізодзе, пакуль невядома.

Мікола Папека жыве ў вёсцы Лінава на Пружаншчыне. У 1999 годзе выдаў зборнік вершаў “Чарнавікі” з прадмовай Міколы Купрэева. Гэты зборнік у 2000 годзе атрымаў прэмію “Гліняны вялес-99”. А яшчэ Мікола Папека з’яўляецца заснавальнікам штогадовай літаратурнай “Мядовай прэміі”, пераможца якой штогод атрымлівае пуд мёду.

Крыніца: Заснавальніка “Мядовай прэміі” Мікалая Папеку вінавацяць ва ўдзеле ў берасцейскім карагодзе