Вялікабрытанія і Еўрасаюз у цэлым сур'ёзна ставяцца да сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, заявіла 24 кастрычніка ў інтэрв'ю БелаПАН брытанскі пасол Фіёна Гіб.
"Мы разглядаем прагрэс у гэтай галіне як ключ да фарміравання нашых будучых адносін паміж ЕС і Беларуссю, — сказала яна. — Штогод праводзіцца дыялог паміж Беларуссю і ЕС па правах чалавека. Мы заклікаем урад унесці канкрэтныя пункты ў прыняты нацыянальны план дзеянняў па правах чалавека. Мы рэгулярна ўздымаем такія пытанні, як свабода слова, свабода сходаў".
Пасол не згодная з меркаваннем, што апошнімі гадамі Еўропа гатовая заплюшчыць вочы на парушэнні правоў чалавека ў Беларусі з-за геапалітычнай сітуацыі ў рэгіёне і эканамічных выгад. "Думаю, што тыя, хто так лічыць, не вельмі добра інфармаваныя пра дыскусіі паміж ЕС і Беларуссю. І я думаю, што ў ЕС былі б вельмі здзіўленыя, пачуўшы такі пункт гледжання. Больш за тое, я ўпэўненая, што ўрад Беларусі пагодзіцца ў гэтым са мной", — адзначыла Гіб.
Яна лічыць, што Беларусі і ЕС патрэбныя адносіны, у якіх бакі могуць абмяркоўваць існуючыя праблемы. "Было б контрпрадуктыўна проста крытыкаваць і не займацца вырашэннем праблем — з такім падыходам я не згодная. Я лічу, што трэба падтрымліваць дыялог і ўзаемадзейнічаць. Але гэта не азначае, што мы несур'ёзна працуем у гэтай сферы", — падкрэсліла пасол.
На думку Фіёны Гіб, падчас працы ў Беларусі (са студзеня 2016 года) яна спрыяла развіццю беларуска-брытанскіх адносін. "Я дапамагла развіць наша разуменне праблем, з якімі сутыкаецца Беларусь. Адносіны рухаюцца ў правільным кірунку, чаму спрыяе і той факт, што большасць санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі былі адмененыя ў лютым 2016 года", — сказала дыпламат.
Яна нагадала, што працяглы перыяд часу гэтыя адносіны былі "не вельмі станоўчымі", але зараз яны рухаюцца ў правільным кірунку. "У нас усё яшчэ ёсць праблемы ў такіх галінах, як вяршэнства закона, свабода слова, дэмакратыя. І мы будзем падымаць гэтыя праблемы. Але цяпер у нас можа быць больш прадуктыўны дыялёг, чым раней", — лічыць Гіб.
Пасол таксама звярнула ўвагу на тое, што некаторыя санкцыі ЕС у дачыненні да Беларусі працягваюць дзейнічаць — гэта тычыцца эмбарга на пастаўкі зброі і санкцый у дачыненні да чатырох асоб, якіх лічаць датычнымі да знікненняў апанентаў улады (Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага, Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі. — БелаПАН.).
"ЕС хоча бачыць правільнае расследаванне гэтых знікненняў, але гэтага дагэтуль не адбылося. Вось чаму я падняла гэтае пытанне 30 жніўня (у Міжнародны дзень ахвяраў гвалтоўных знікненняў Гіб запісала відэазварот да ўрада Беларусі з заклікам завяршыць расследаванне даўніх знікненняў. — БелаПАН.). Я не атрымлівала спецыяльнага даручэння з Лондана, гэта не было неабходна, таму што гэта наша палітыка — Вялікабрытаніі і ЕС — падымаць такія пытанні", — падкрэсліла брытанскі пасол.
Поўны тэкст інтэрв'ю апублікаваны інтэрнэт-газетай БелаПАН Naviny.by ("Беларускія навіны").
Крыніца: Фіёна Гіб: Вялікабрытанія і ЕС сур'ёзна ставяцца да сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі