У Таліне 25 кастрычніка пачынае працу Канферэнцыя грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства (КГС УП). Для абмеркавання перспектываў інтэграцыйнага праекта Еўрапейскага Саюза сабраліся каля 300 удзельнікаў, з іх два дзясяткі прадстаўляюць Беларусь.
"Рэальныя вынікі для людзей: перспектывы Усходняга партнёрства да 2020 года і надалей" – так гучыць тэма канферэнцыі, якая з’яўляецца паралельным мерапрыемствам Саміта Усходняга партнёрства і праводзіцца раз на два гады.
Выступ кіраўніка ПЦ “Вясна” Алеся Бяляцкага, разам з вітальным словам прэзідэнткі Эстоніі Кэрсці Кальюлайд і відэазваротам Вярхоўнай прадстаўніцы Еўрапейскага саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыкі Магерыні, адкрывае праграму канферэнцыі.
[Прамая трансляцыя – па спасылцы http://bit.ly/2gBJQMb, адкрыццё канферэнцыі адбудзецца з 09:10 да 09:40]
Варта ўдакладніць, што сёлета ўпершыню КГС УП і Асамблея Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства (вышэйшы орган прыняцця рашэнняў ФГС УП) аб'яднаныя ў адно мерапрыемства з агульным парадкам дня. Яго галоўная мэта - умацаванне арганізацый грамадзянскай супольнасці з краінаў УП і ЕС для далейшага развіцця партнёрства.
Сярод прыярытэтных тэмаў трохдзённага мерапрыемства - урад і супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю, дэмакратычнае кіраванне, электронныя рашэнні ў рамках празрыстага кіравання, роля грамадзянскай супольнасці ў развіцці кампетэнтнасці сродкаў масавай інфармацыі і ў барацьбе з дэзінфармацыяй.
Крыніца: Бяляцкі выступіць на адкрыцці Канферэнцыі грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства