Аляксандр Патаповіч перад пачаткам судовага працэсу. У судзе Ваўкавыскага раёна ў чацвер, 19 лістапада, працягнуўся разгляд крымінальнай справы Аляксандра Патаповіча, якога вінавацяць у гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 КК РБ).

Справу разглядае суддзя Леанард Дзіўнель. Пацярпелыя – Уладзімір Буйніцкі і Алег Вікторка.

Патаповіча абвінавачваюць у тым, што 9-га жніўня пасля 23.00 ён паспрабаваў наехаць аўтамабілем на двух супрацоўнікаў ваўкавыскай міліцыі з мэтай перашкодзіць іх працы падчас несанкцыянаванага мерапрыемства, а таксама, каб адпомсціць

На першым пасяджэнні пацерпелыя міліцыянты Уладзімір Буйніцкі і Алег Вікторка казалі, што ніякіх пашкоджанняў ці матэрыяльных страт не панеслі. Падчас здарэння яны былі вымушаныя адскочыць на некалькі метраў ад машыны і пры гэтым "перажылі стрэс".

Прадстаўнік дзяржабвінавачання пракурор Сяргей Гаўрылюк кажа, што віна Патаповіча даказаная і пацвярджаецца паказаннямі сведак — супрацоўнікаў міліцыі.

Абвінавачаны Аляксандр Патаповіч сваёй віны ў наедзе на міліцыянтаў не прызнае і ніякіх прычын для помсты міліцыі ён не мае, а ад палітыкі ўвогуле далёкі.

19 лістапада на судзе высветлілася, што адзін з пацярпелых –  Уладзімір Буйніцкі хварэе на двухбаковую пнеўманію. Суд вырашыў працягваць слуханні ў яго адсутнасць, а пры неабходнасці дапытаць пацярпелага па скайпе, ці іншым шляхам. 

У працэсе быў апытаны сведка з боку абароны, прагледжаныя відэадоказы з камер, з якіх не вынікаюць канкрэтна дзеянні абвінавачанага.

Суддзя прамовіў, што на відэа нехта адзін у белай кашулі. Аднак ніводны з пацярпелых  не казаў, што Патаповіч быў у кашулі белага колеру. 

Суд скончыў апытанне ўсіх сведкаў. З-за хваробы і немагчымасці прысутнічаць пацярпелага Буйніцкага у разглядзе справы абвешчаны перапынак да 10:30 да 26 лістапада.

Справа Аляксандра Патаповіча: Сведак дапыталі паўторна, бо шмат супярэчнасцяў у паказаннях

У судзе Ваўкавыскага раёна 11 лістапада працягнуўся разгляд крымінальнай справы Аляксандра Патаповіча, якога вінавацяць у гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 КК РБ).

Крыніца: Суд над Патаповічам: згадка пра белую кашулю і хвароба пацярпелага