Сяргей Рымша. Фота: Hrodna.life У судзе Ленінскага раёна Гародні 19 лістапада - чарговае пасяджэнне па крымінальнай справе, заведзенай на мясцовага жыхара Сяргея Рымшу. Яго абвінавачваюць адразу па 2 артыкулах Крымінальнага кодэксу: 342 КК РБ (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і 364 КК РБ (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Справу разглядае суддзя Юрый Казакевіч.

На ўчорашнім пасяджэнні суд працягнуў апытанне абвінавачанага і "пацярпелых". У тым ліку і супрацоўніка міліцыя Баярчука, які не змог быць апытаны раней, бо знаходзіўся на самаізаляцыі.

А сёння ў судзе  будуць апытваць сведак па справе.

З матэрыялаў следства вядома, што Сяргей Рымша быў на Савецкай плошчы Гародні 9 жніўня ў 23.15, калі ў таніраваны мікрааўтобус з сілавікамі паляцеў камень. Неўзабаве Сяргея затрымалі, збілі, завезлі ў Ленінскі РАУС, і паведамілі, што на яго заведзеная крымінальная справа.

Як паведамляе Hrodna.life, у якасці пацярпелых выступаюць шэсць супрацоўнікаў міліцыі: Чарняўскі, Баярчук, Сталяр, Багушэвіч, Сацура і Літвін. Баярчук на пасяджэнне не з'явіўся ў сувязі са знаходжаннем на самаізаляцыі.

Што кажа падазраваны Сяргей Рымша: "Я стаяў у натоўпе з боку гасцініцы "Нёман". Пад'ехаў белы мікрааўтобус з боку танка, у якім знаходзіліся шэсць супрацоўнікаў, у яго хтосьці шпурнуў камень ці нейкі цяжкі прадмет - не высветлілі.  Усе разбегліся. Я, натуральна, таксама. Яны выскачылі, нікога не паспелі схапіць. Я пачаў адыходзіць у бок танка. Мне перагарадзілі дарогу і пасадзілі ў машыну".

Сяргея прывезлі ў Ленінскі РАУС. Там ён знаходзіўся суткі: яго адводзілі на асабісты дагляд, вазілі на медыцынскі агляд, выклікалі да следчага. Праз гадзіну пасля затрымання яму паведамілі, што на яго завядуць крымінальную справу. 10 жніўня адправілі ў ІЧУ ў Шчучын. Пазней перавялі ў СІЗА - 1 у Гродне. 18 жніўня адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

Ідуць суды за гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да сілавікоў

У судах Беларусі разглядаюцца крымінальныя справы, узбуджаныя за прымяненне гвалту альбо пагрозы прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (артыкул 364 КК РБ).

Крыніца: Суд па справе Сяргея Рымшы: працягваецца допыт пацяпрелых і сведак