Сёння, 18 лістапада, Мінскі гарадскі суд разглядзеў касацыйную скаргу незалежнай журналісткі і праваабаронцы «Вясны» Марыны Кастылянчанкі на пастанову суда Заводскага раёна ад 2 лістапада, якой яна была асуджана на 15 сутак арышту па Мінска па двух артыкулах КаАП: 23.34 і 23.4. Суддзя Жанна Хвайніцкая абвінаваціла праваабаронцу ў тым, што 30 кастрычніка яна «ўдзельнічала ў несанкцыянаваным пікетаванні за змену ўлады, выкрыквала лозунгі «Трыбунал», «Жыве Беларусь», «Сыходзь», а пры затрыманні аказала супраціў супрацоўнікам міліцыі, адмаўляючыся прайсці ў службовы транспарт». Праваабаронца цалкам не прызнала віну і назвала абвінавачванні абсалютнай выдумкай. Марына ў скарзе адзначыла, што наогул не ўдзельнічала ў пікеце, а яе затрыманне адбылося ў іншым месцы. Таксама яна звярнула ўвагу на аднабаковасць судовага разгляду яе справы суддзёй Жаннай Хвайніцкай, бо тая адмовілася задаволіць хадайніцтва яе абаронцы аб выпатрабаванні відэа з кавярні, дзе яе затрымлівалі. 

Суддзя Мінскага гародскага суда Дзіна Кучук разглядзела скаргу праваабаронцы і толькі выключыла з апісальнай часткі пастановы абгрунтаванне віны па 23.4 КаАП журналісткі паказаннямі міліцыянта Красіна. Засталіся паказанні іншага супрацоўніка міліцыі. У астатнім пастанова суда Завадскога раёна пакінутая ў сіле, а скарга – без задавальнення.

Праваабаронцы "Вясны" расцанілі затрыманне Марыны 30 кастрычніка як адвольнае і незаконнае. Рада Праваабарончага цэнтра "Вясна" выступіла з заявай, у якой патрабала ад уладаў Рэспублікі Беларусі неадкладна вызваліць з-пад арышту праваабаронцу ПЦ “Вясна” Марыну Кастылянчанка і адмяніць вынесеную ў дачыннні да яе пастанову суда Завадскога раёна Мінска як незаконную.

Цяпер Марына адбывае ў СІЗА-6 г. Баранавіч новыя 15 сутак па арт. 23.34 КаАП, якія ёй учора прысудзіў суддзя суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавіч Мікалай Кміта ў ізалятары. На гэты раз па рапарту супрацоўнікаў ГУБАЗіКа яе абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсце 25 кастрычніка на Партызанскім праспекце, 75. Праваабаронца не прымала ўдзел і ў гэтым мерапрыемстве. Пад арыштам праваабаронца агулам правядзе 30 сутак запар.

Заклікаем падтрымаць лістамі і паштоўкамі салідарнасці нашую каляжанку:

СІЗА-6, г. Баранавічы, Брэсцкая вобласць, вул. Брэсцкая, 253В, 225413

Марыне Аляксандраўне Кастылянчанка

Крыніца: Мінгарсуд пакінуў скаргу праваабаронцы Марыны Кастылянчанкі без задавальнення