Ілюстрацыйнае фота: mspring.online Міліцыя нейтралізавала магілёўскіх кіраўнікоў партыі левых «Справядлівы свет» за тое, што ў іх у торбах былі незабароненыя законам інфармацыйныя бюлетэні, паведамляе праваабарончы сайт mspring.online.

Старшыня абласной арганізацыі партыі левых “Справядлівы свет” Ігар Сарока, ягоны намеснік Анатоль Заўялаў, а таксама кіраўнік гарадской суполкі Аляксандр Козін былі затрыманыя на плошчы Леніна, калі падыходзілі да мітынгу, які арганізавалі ўлады.

Па словах сябра партыі Валерыя Беразіенкі, міліцыя вырашыла правесці дагляд іх сумак, калі яны падыходзілі да дэманстрацыі. У кожнага знайшлі каля 30 асобнікаў інфармацыйнага бюлетэня “За справядлівы свет”. Як адзначае Беразіенка, ягоныя калегі нічога не парушылі.

– Бюлетэнь выдадзены ў адпаведнасці з законам – дазволеная колькасць асобнікаў. Там ёсць усе выходныя дадзеныя, пазначана, што распаўсюджваецца бясплатна. Ніякіх заклікаў да гвалтоўнага звяржэння ўлады няма. Крытыка ўлады – ёсць. Амапавец, маёр, узяў адну ўлётку, прагартаў, а там напісана «Несправядлівыя выбары». Ды якія несправядлівыя выбары, ды вы хлусіце, сказаў. Потым прыехаў начальнік аддзела аховы грамадскага парадку Ленінскага РАУС Пугачоў і іх забралі. Зараз усе трое знаходзяцца ў Ленінскім РАУС, – распавёў Беразіенка, які быў сведкам затрымання.

Праваабаронца Барыс Бухель, які прысутнічаў на мітынгу, заявіў, што затрыманне сябраў «Справядлівага свету» неправамернае:

– Ніякага права іх затрымліваць не мелі. Калі б у іх было з сабой больш за трыста асобнікаў бюлетэня, іх затрыманне з пункту гледжання беларускага заканадаўства было б апраўданым. Аднак за некалькі дзясяткаў бюлетэняў, якія яны нават не раздавалі, а проста неслі ў сваіх торбах, іх затрымліваць не мелі права. Гэта свавольства міліцыі.

Трэба адзначыць, што падчас мітынгу прадстаўнікі дзяржаўных арганізацый раздавалі спецвыпуск «Гонар Магілёўшчыны», аднак яны не выклікалі ніякай цікавасці ў міліцыі.

Крыніца: На праўладным мітынгу ў Магілёве затрымалі трох чалавек