Арцём Зелянко з маці ў судзе. Адразу дзве крымінальныя справы за знявагу дзяржаўнага сцяга пачалі разглядаць у Берасці  пятага лістапада. На чарзе – суды ў Гомелі.

У судзе Ленінскага раёна Брэста 5 лістапада пачаўся разгляд крымінальнай справы заведзенай на жыхара Кобрына Арцёма Зелянко. Справу разглядае суддзя Дзмітрый Шурын.

Юнак абвінавачваецца ў тым, што зганьбаваў дзяржаўны сімвал – сцяг. Такое злачынства падпадае пад дзеянне артыкула 370 Крымінальнага кодэкса.

Як устаноўлена следствам, 27 верасня каля фантана на вул. Савецкай у Брэсце хлопец, падобны на Зелянко, спачатку спрабаваў падпаліць дзяржаўны сцяг, а калі гэта не атрымалася, то ён пачаў дзерці яго на кавалкі.

Скрыншот з відэа.
Скрыншот з відэа.

Пасля вывучэння матэрыялаў абвінавачвання суддзя Шурын прыняў рашэнне аб накіраванні Арцёма Зелянко на судова-псіхіятрычную экспертызу. Пра дату наступнага судовага паседжання пакуль нічога невядома.

"Дэманстрацыя зняважлівага, блюзнерскага стаўлення да дзяржаўнага сцяга"

Адначасова ў Брэсце ў гэтым жа Ленінскім судзе сёння разглядаецца яшчэ адна справа па артыкуле 370 КК. Справу вядзе суддзя Грушко А.В.

Следствам было ўстаноўлена, што 16 верасня каля гадзіны ночы нехта падышоў да будынка харэаграфічнай школы ў Брэсце і, падскочыўшы, тузануў дзяржаўны сцяг, пры гэтым дзяржала зламалася і сцяг упаў на зямлю. Затым чалавек пайшоў далей.

Абвінавачванне лічыць, што гэта быў Смольскі Ілля Андрэевіч. Дзеянні мужчыны кваліфікуюцца  як знявага над дзяржаўным сімвалам.

Пракурор Ціхановіч на судзе сцвярджала, што Смольскі, будучы нападпітку, груба сарваў сцяг, рабіў гэта для дэманстрацыі зняважлівага, блюзнерскага стаўлення да дзяржаўнага сцяга.

Абвінавачаны Смольскі зрабіў заяву, што віну прызнае цалкам. Аднак да гэтага на пытанні аб прычынах свайго ўчынку казаў, што зрабіў гэта "па дурасці" і што "не хацеў паказаць блюзнерскага стаўлення да сцяга".

Дарэчы, адразу дзве крымінальныя справы за знявагу дзяржаўных сімвалаў узбуджаныя ў Гомелі.

Так, 16 жніўня невядомыя на плошчы Леніна спусцілі з флагштока дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, абматалі вакол шаста, а праз некаторы час скруцілі яго і змясцілі каля агароджы Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.  На ягонае месца паднялі бел-чырвона-белы сцяг.

Зараз Следчы камітэт вывучае відэазапісы, канфіскаваныя з камер вулічнага відэаназірання, і дапытвае сведак, каб высвятліць людзей, якія гэта здзейснілі.

А зусім нядаўна, падчас акцый пратэсту жыхар абласнога цэнтра, Георгій Васіленка 16 жніўня спусціў з флагштока дзяржсцяг і падняў, як піша следчы, «сімвал, які не з'яўляецца атрыбутам улады». 46-гадовы прадпрымальнік сарваны сцяг выкінуў ў сметніцу на суседняй вуліцы Сялянскай. Літаральна праз дзень следчыя ўстанавілі ягоную асобу.

Слуханні пачнуцца 17 лістапада ў 10.00 у судзе Цэнтральнага раёна Гомеля.

Між тым, праваабарончая супольнасць лічыць, што артыкул 370 Крымінальнага кодэксу павінен быць дэкрыміналізаваны.

Крыніца: Рвуць і паляць дзяржаўныя сцягі: суды за знявагу дзяржаўных сімвалаў