Увечары 3 лістапада ў Мінску пракацілася хваля рэпрэсій: затрыманне групы музыкаў пасля дваравога канцэрту і жорсткі вобшук у актывіста "Дзея" Кіма Самусенкі. У мінскім дворыку за ўніверсамам «Рыга» ў аўторак праходзіў вечаровы канцэрт. З праектам «Радыё Каранцін» да жыхароў раёна прыехалі музыкі. Недзе ў 21:40, калі людзі ўжо разышліся, а музыкі неспяшаючыся збіраліся, да іх пад'ехаў сіні бус.

Затрыманне музыкаў пасля дваравога канцэрту

Іван Арцімовіч (злева) і Філіп Петчанка
Іван Арцімовіч (злева) і Філіп Петчанка

«Аляксеенка сядзеў у машыне, Ваня Арцімовіч стаяў побач. Ён хацеў саступіць дарогу бусу. Але з яго выскачылі людзі ў чорным. Закрычалі: «Усім стаяць!»апісваюць відавочцы "Нашай Ніве".

Па інфармацыі @by_culture, затрымоўвалі менавіта людзей з музычнымі інструментамі. Сярод затрыманых: Іван Арцімовіч (гурт Vuraj), Андрэй Аляксеенка (TonqiXod), Філіп Петчанка (Dee Tree), Сяргей Мядзведзеў і Аляксандр Белік.

Па якім артыкуле іх затрымалі — пакуль невядома. Пасля РУУС Савецкага раёна іх адвезлі на Акрэсціна да суда. 

Вобшук і затрыманне актывіста "Дзеі" Кіма Самусенкі

Кім Самусенка. Фота: TUT.BY
Кім Самусенка. Фота: TUT.BY

У Мінску ўвечары быў затрыманы актывіст, сябра рады "Дзея" Кім Самусенка. Вобшук быў праведзены ў ягонай маці і ў яго дома. Былі вынятыя ноўтбукі і тэлефоны Кіма і яго жонкі. Вобшукі праходзілі брутальна, маці кажа, што пры гэтым збілі Кіма Самусенку. Пасля вобшуку Кіма затрымалі. Па папярэдняй інфармацыі, яго затрымалі на 72 гадзіны ў межах крымінальнай справы па ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі). Але ў чым яго канкрэтна вінавацяць — незразумела. 

Маці Кіма распавяла пра некаторыя акалічнасці вобшука на сваёй старонцы ў фэйсбуку:

"Урываліся ў кватэру са стральбой. У кватэры было зроблена два стрэлы. Добра што халастымі. Стралялі ў Тагіра, сабаку, якая не пускала іх у дом. Мужа брутальна затрымалі. Вывіхнулі яму плячо. Паклалі тварам на зямлю. Мне зачымсьці бруднай пальчаткай заціскалі рот. Так я і не зразумела навошта. Нічога не знайшлі. Дзеля справядлівасці павінна заўважыць, што ператрус прайшоў вельмі карэктна і кватэру не разграмілі.

Паралельна праходзіў ператрус у Кіма. Спачатку ім спрабавалі выбіць дзверы. Потым слабавікоў упусцілі ў кватэру. Што там было — не магу казаць. Не прысутнічала. Пра гэта раскажа Леся [жонка Кіма]. Ведаю, што Кіма збілі. Забралі тэхніку, зарэгістраваную паляўнічую зброю і грошы, якімі хлопцы збіраліся заўтра пагасіць крэдыт. Забралі БЧБ сцяг і сцяг Украіны. У Лесі забралі тэлефоны, ноуты і яе пашпарт [жанчына грамадзянка Украіны]. Леся павінна была у чацвер выступаць на канферэнцыі. Матэрыял з'ехаў у ноуте".

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • +375 17 377 55 40.
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Крыніца: Затрыманне музыкаў у двары і актывіста па "крыміналцы". Што здарылася ўвечары 3 лістапада?