20 кастрычніка ў Вільні распачаўся IV Беларускі праваабарончы форум. Прадстаўнікі 29 беларускіх праваабарончых арганізацый, НДА, якія маюць у сваёй дзейнасці праваабарончы кампанент, праваабаронцы, якія дзейнічаюць у індывідуальнай якасці, эксперты, замежныя і міжнародныя партнёры сабраліся, каб абмеркаваць актуальны парадак дня і вызначыць прыярытэты для далейшага развіцця праваабарончага сектару краіны.  Распачынаючы мерапрыемства, Таццяна Рэвяка, прэзідэнт Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава, адзначыла, што правядзенне такіх форумаў стала добрай традыцыяй, якая гаворыць пра пашырэнне беларускага праваабарончага руху.

“Падчас мінулага форуму ў 2013 годзе ў залі стаяла пустое крэсла кіраўніка ПЦ “Вясна” Алеся Бяляцкага, які знаходзіўся ў турме. Дзякуй Богу, сёння ўсе мы вітаем Алеся ў гэтай залі. Аднак умовы для працы праваабаронцаў у Беларусі не становяцца больш лагоднымі – пра гэта сведчыць высылка з краіны нашай калегі Алены Танкачовай. Змяніліся формы рэпрэсій у дачыненні да праваабаронцаў, але рэпрэсіі супраць нас застаюцца, на жаль, нашай рэальнасцю”, – заявіла Таццяна Рэвяка.

Вітальныя лісты ўдзельнікам форуму даслалі спецдакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Міклаш Харасці і офіс Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.

Спадар Харасці ў сваім пасланні звярнуў увагу на важасць захавання прынцыпу ўніверсальнасці правоў чалавека. Гэта асабліва актуальна, калі ўрады падвяргаюцца крытыцы паводле гэтага прынцыпу, падкрэсліў ён.

“Яны [урады – рэд.] не толькі размаўляюць такім чынам. Некаторыя з іх нават актыўна замінаюць міжнароднаму супрацоўніцтву ў сферы правоў чалавека, не прызнаюць міждзяржаўнае назіранне за сітуацыяй з правамі чалавека і крыміналізуюць матэрыяльную і фінансавую дапамогу арганізацыям, якія працуюць у галіне правоў чалавека.

Адмова ад універсальнасці правоў чалавека таксама праяўляецца ў экстрадыцыі праваабаронцаў у рэпрэсіўныя рэжымы, якія іх пераследуюць, ці ў адмове абараняць ахвяраў парушэнняў у іншых краінах”, - напісаў спецдакладчык ААН.

Офіс Вярхонага камісара ААН па правах чалавека ў сваім лісце назваў форум “вырашальнай сустрэчай усіх тых, хто мае рашучасць і вызначанасць у адстойванні правоў чалавека” і адзначыў, што будзе чакаць інфармацыі па выніках форуму.

Першая панэль форуму была прысвечаная ацэнцы сітуацыі з захаваннем правоў чалавека ў Беларусі, якую акрэслілі Алесь Бяляцкі (ПЦ “Вясна”), Жанна Літвіна (БАЖ) і Вольга Смалянка (Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend).

“У 2016 годзе сітуацыя з правамі чалавека крыху палепшылася ў нашай краіне. Але агульная сітуацыя не была аптымістычнай: па-ранейшаму застаўся пераслед актывістаў, працягвалася нерэгістрацыя партый і грамадскіх аб’ядаднанняў. У 2017 годзе сітуацыя, на жаль, вярнулася да “звычайнай” беларускай – з’явіліся палітычна матываваныя зняволеныя, жорсткія разгоны масавых акцый, масавыя арышты, пастаянныя адміністрацыйныя справы.

Гэта усё паказвае, што ціск на грамадства працягваецца – амаль кожны тыдзень нехта з актывістаў адбывае пакаранне на Акрэсціна. У Беларусі захоўваецца татальны кантроль уладаў над грамадствам”, — адзначыў у сваім выступе кіраўнік ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі.

Пра праблемы ў галіне свабоды слова распавяла сябра Праўлення БАЖ Жанна Літвіна. На пачатку свайго выступу яна прапанавала ўдзельнікам форуму ўшанаваць хвілінай маўчання памяць забітай у Беларусі 20 кастрычніка 2004 года незалежнай журналісткі Веранікі Чаркасавай.

“Сёння мы канстатуем татальную хвалю пераследу і журналістаў у Беларусі – толькі за гэты год Беларуская асацыяцыя журналістаў ужо зафіксавала больш за 170 фактаў затрыманняў, арыштаў, штрафаў і іншага пераследу журналістаў. Але гэта ўсё адбываецца на фоне вялізнай запатрабаванасці ў грамадстве нецэнзураванай, дакладнай, аператыўнай і праўдзівай інфармацыі.

Асноўныя праблемы ў галіне парушэння правоў журналістаў – гэта судовы пераслед за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі і закон аб СМІ, які прадугледжвае адказнасць інтэрнэт-выданняў, але не надзяляе іх правамі сродкаў масавай інфармацыі”, — сказала  Жанна Літвіна.

Дырэктар Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend Вольга Смалянка ў сваім выступе адзначыла некаторыя пазітыўныя крокі дзяржавы ў галіне правоў чалавека, разам з тым адзначыўшы, што гэтыя крокі маюць касметычны характар, паколькі сістэмных зменаў на ўзроўні заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі па-ранейшаму не адбываецца.

У якасці пазітыўных крокаў праваабаронца адзначыла прыняцце нацыянальнага міжведамаснага плану па рэалізацыі рэкамендацый, атрыманых падчас праходжання Беларуссю Універсальнага перыядычнага агляду ў Савеце па правах чалавека ААН, а таксама іншыя нацпланы – у галіне абароны правоў дзяцей, людзей з інваліднасцю, гендарнай праблематыкі. Таксама дзяржава нарэшце выканала сваё абавязальніцтва па прадстаўленні дакладу ў Камітэт па правах чалавека ААН. Было адзначана і тое, што дзяржаўныя органы пачалі рэгістраваць больш грамадскіх аб’яднанняў, аднак у гэтая пазітыўная статыстыка не тычыцца арганізацый, якія працуюць у праваабароне.

Адносна становішча арганізацый грамадзянскай супольнасці выступоўца выказала асаблівую занепакоеннасць:

“Захоўваецца крымінальны артыкул 193-1, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Нягледзячы на павелічэнне колькасці рэгіструемых сацыяльных і дабрачынных арганізацый, улады па-ранейшаму адмаўляюць нязручным для сябе арганізацыям. Паўстаюць складанасці і з рэгістрацыяй такой больш простай формы як установа, калі ў іх дзейнасці ёсць праваабарончы кампанент. Праваабарончыя арганізацыі ўвогуле выкінутыя за рамкі прававога поля, паколькі пазбаўленыя магчымасці атрымання замежнай дапамогі”.

Кажучы пра негатыўныя тэндэнцыі, Вольга Смалянка нагадала, што бягучы год характарызуецца прымяненнем масавых рэпрэсій у дачыненні да грамадзянскіх актывістаў, журналістаў і праваабаронцаў – і гэтыя групы зведваюць кропкавыя рэпрэсіі пастаянна. Таксама за кратамі знаходзяцца два палітычныя вязні, не спынены палітычна матываваныя крымінальныя справы, ажыццяўляецца ціск на адвакатаў.

Асобна выступоўца спынілася на магчымасцях узаемадачыненняў арганізацый грамадзянскай супольнасці і дзяржавы і характары дзеянняў дзяржавы на міжнароднай арэне.

“Па-ранейшаму няма пляцоўкі для рэгулярнай і эфектыўнай камунікацыі паміж дзяржавай і арганізацыямі грамадзянскай супольнасці. Нацыянальны міжведамасны план такой пляцоўкай не стаў, як не стаў і нейкім прарывам у галіне правоў чалавека, ён застаецца дэкларацыяй намераў. У той жа час на міжнароднай арэне Беларусь імкнецца прадставіць паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека. І я ўжо казала пра падачу дзяржавай даклада ў КПЧ. Але затым Беларусь атрымлівае рэкамендацыі – і з гэтымі рэкамендацыямі нічога не адбываецца. То бок, справаздачы ў дамоўныя органы – гэта больш паказуха, чым жаданне штосьці змяняць у галіне правоў чалавека”, - сказала Вольга Смалянка.

На прыканцы свайго выступу яна адзначыла важнасць узнікнення новых арганізацый і ініцыятываў, прыняцце прынцыпаў праваабарончай дзейнасці і заклікала да большай кансалідацыі і паляпшэння інструментаў працы як унутры супольнасці, так і з міжнароднымі арганізацыямі і механізмамі.

Нагадаем, праца праваабарончага форуму будзе працягвацца 20 – 21 кастрычніка. І апроч асноўных тэматычных панэляў у межах форуму адбудуцца 11 паралельных тэматычных мерапрыемстваў.

Крыніца: “Рэпрэсіі у Беларусі застаюцца нашай рэальнасцю”. У Вільні пачаў працу IV Беларускі праваабарончы форум