Былы палітвязень Ігар Аліневіч Уначы з 28 на 29 кастрычніка пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы Беларусі памежнікамі быў затрыманы былы палітвязень і актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч.

Бацькам пра затрыманне паведамілі з памежнага пераходу ў Ельску.

Па словах маці затрыманага Валянціны, яны доўга намагаліся даведацца пра ягонае далейшае месцазнаходжанне і прычыны затрымання. Спачатку ім казалі, што Ігара адправілі ў Калінкавічы, аднак у мясцовым аддзяленні міліцыі не хацелі казаць, дзё ён утрымліваецца. Толькі напрыканцы ўчорашняга дня стала вядома, што Агара Аліневіча нібыта ўтрымліваюць у Мазыры.

Бацькі Ігара паб прычынах затрымання практычна нічога не ведаюць, апроч таго, што Следчым камітэтам па Гомельскай вобласці верагодна ўзбуджаная крымінальная справа, у межах якой ён быў затрыманы.

Ігар Аліневіч працяглы час жыў за мяжой і ў Беларусь амаль не вяртаўся, хаця ўвесь час перажываў за падзеі, якія тут адбываюцца.

Ігар Аліневіч – былы палітвязень. Быў затрыманы 28 лістапада ў 2010 году ў Маскве і вывезены невядомымі ў Беларусь. Утрымліваўся ў СІЗА КДБ.

27 траўня 2011 году суд Заводзкага раёну Менску пакараў Ігара 8 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён быў абвінавачаны паводле часткі 2 артыкулу 339 КК РБ (хуліганства, здзейсненае групай асоб) і частак 2 і 3 артыкулу 218 КК (пашкоджанне маёмасці агульнанебяспечным спосабам і ў асабліва буйным памеры). Пазней памілаваны прэзідэнтам.

У 2013 годзе за кнігу «Еду ў Магадан» Ігар Аліневіч артымаў галоўную ўзнагароду і стаў першым лаўрэатам Прэміі імя Францішка Аляхновіча Беларускага ПЭН-цэнтра. А ў 2016 годзе Аліневіч стаў лаўрэатам Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча за 2015 год у намінацыі «За асабістую мужнасць».

Крыніца: На мяжы затрыманы былы палітвязень Ігар Аліневіч, магчыма па крымінальнай справе