"Нячэсная журналістка" Ларыса Шчыракова. Фота: "Гомельская Вясна". У Чыгуначным судзе Гомеля 19 кастрычніка адбыліся ажно чатыры адміністрацыйныя суды — за ініцыятыву салідарнасці гамельчукоў з незалежнай журналісткай-фрылансэркай Ларысай Шчыраковай, якую пры канцы верасня судзілі ў Гомельскім раённым судзе за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат».

Барыса Анікеева, Уладзімера Няпомняшчых і Віктара Рубцова пакаралі арыштамі на 5 сутак, саму Ларысу Шчыракову аштрафавалі на 575 рублёў за таблічку на шыі з надпісам: «Я — нячэсны журналіст».

Па інфармацыі “Гомельскай Вясны”,  сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, былы афіцэр міліцыі Ўладзімер Няпомняшчых не адмаўляў, што 28 верасня, як і напісана ў пратаколе маёра міліцыі Чыгуначнага РАУС Віктара Сцепаненкі, прыходзіў да суду Гомельскага раёну з таблічкай на шыі: «5-я калона — гэта Колін тата».

«Я прыйшоў з такой шыльдачкай на шыі, бо за два дні да таго мне даслалі адміністрацыйны пратакол з Менску за прыняцце прысягі 8 верасня на вернасць Рэспубліцы Беларусь. Гэта ж нейкі маразм. Хадайнічаю, каб у суд выклікалі Аляксандара Лукашэнку, які публічна заяўляе, што такія, як я, зьяўляюцца „пятаю калонаю“. Хацеў бы спытаць у яго: „Хто ў нас „пятая калона“ — я, грамадзянін Беларусі, ці хто іншы?“ Я ж нікога нікуды не заклікаў, а выказаў толькі праз шыльдачку сваё меркаванне».

Суддзя Яраслаў Парэмскі, які разглядаў адміністрацыйную справу за несанкцыянаваны пікет, адхіліў хадайніцтва.

Ня стаў суддзя выклікаць і складальніка пратаколу, маёра міліцыі Віктара Сцепаненку, які на падставе здымкаў на сайце «Гомельская вясна» склаў адміністрацыйны пратакол пра несанкцыянаваны пікет каля суду Гомельскага раёну.

Няпомняшчых выказаў недавер суддзі Парэмскаму, але той адхіліў адвод. І паколькі сёлета Няпомняшчых удзельнічаў у несанкцыянаваным масавым шэсьці — маршы «недармаедаў», то суддзя й прызнаў яго вінаватым у паўторным парушэнні закону аб масавых мерапрыемствах цягам году і пакараў адміністрацыйным арыштам — на 5 сутак.

Падобнае пакаранне суддзя Аляксей Хлышчанкоў вынес Барысу Анікееву, а суддзя Яўген Шаршнёў — Віктару Рубцову. Анікееў у суд Гомельскага раёну прыходзіў з шыльдай «Я — адмарозак», Рубцоў — з шыльдай «Я — нячэсны блогер».

Актывісты прышлі ў суд з загадзя сабранымі для арышту валізкамі і заплечнікамі.

«Я ўзяў нават сала, часнык, цыбулю, каб ніякая зараза не прыставала», — тлумачыў міліцэйскай ахове ў судзе былы капітан міліцыі Няпомняшчых, калі тыя прыдзірліва надглядалі змесціва заплечніка.

Пасля суду над журналісткай Ларысай Шчыраковай. Фота
Пасля суду над журналісткай Ларысай Шчыраковай. Фота "Гомельская Вясна".

 У Чыгуначным судзе Гомля судзілі і Ларысу Шчыракову. У суд Гомельскага раёну 28 верасня яна прыйшла з шыльдай на шыі: «Я — нячэсны журналіст». З такой жа шыльдай Шчыракова прыехала 19 кастрычніка і ў суд Чыгуначнага раёну. На пытанне суддзі Яўгена Шаршнёва, ці давярае яна суду, Шчыракова адказала, што не давярае ўвогуле беларускай судовай сістэме, але паколькі незалежных суддзяў у краіне няма, то ня супраць, каб адміністрацыйны пратакол разглядаў дадзены канкрэтны суд.

Пры гэтым Шчыракова прасіла растлумачыць: якія такія незаконныя дзеянні яна ўчыніла, павесіўшы на шыю таблічку з надпісам «Я — нячэсны журналіст»?

«Я б магла напісаць, што я маці. Ці, напрыклад, аматар піва, хоць піва я не ўжываю. Альбо, напрыклад, „Я — за здаровы лад жыцця“. Але паколькі мяне сёлета дзевяць разоў судзілі, падумала, што я ўсё-ткі „нячэсная журналістка“. Я сябе так назвала і шыльду павесіла. Дык гэта — пікет? Што — чалавек ня можа цяпер назваць сябе так, як ён хоча? Я ж нікога не абражала, нецэнзурнай лексікі не ўжывала. Я так сябе назвала. Канечне, у гэтым іронія, сарказм. З такой шыльдай я і цяпер прыйшла ў суд. Тая ж самая мізансцэна. Дык гэта пікет? То бок цяпер здзяйсняецца правапарушэнне, высокі суд глядзіць на гэта і ніяк не рэагуе? Я — нячэсны журналіст, а ня хто іншы, не суддзя Шаршнёў. У парадку самакрытыкі я называю так сябе. Ці ўжо гэтае права ў гэтым канцлягеры ў нас адабралі?»

Пасьля апошніх слоў суддзя Шаршнёў зрабіў заўвагу журналістцы, заклікаўшы паводзіць сябе больш стрымана.

«Я хачу запытацца, — працягвала Шчыракова, — гэта парушэнне закону, калі чалавек сябе абазначае? У кожнага ёсьць сацыяльная роля. Я па сваёй наіўнасці меркавала, што назваць сябе, павесіць на грудзі шыльду — гэтае права ў мяне яшчэ ёсць. Я ня думала, што ў мяне як у грамадзянкі гэтае права ўжо адабралі».

Пасля ўдакладнення, ці сапраўды Шчыракова была 28 верасьня з шыльдай на шыі «Я — нячэсны журналіст» і дзе яна ўзяла шыльду, судзьдзя абвясціў перапынак. А вярнуўшыся ў залю, агучыў пастанову: пакараць Ларысу Шчыракову штрафам у 25 базавых велічыняў — 575 рублёў. Заля адрэагавала на пастанову воклічам: «Ганьба!»

Прысутны на судах намесьнік старшыні АГП Васіль Палякоў лічыць, што арышты за салідарнасць з журналісткай Шчыраковай і штраф ёй самой — гэта акцыя запалохвання:

«Мне падаецца, што сённяшнія арышты і штраф папярэднічаюць акцыі пратэсту, запланаванай апазыцыяй на 21 кастрычніка ў Менску. Вялікай нагоды для прэвентыўных арыштаў няма, таму ўлады скарысталі падтрымку Шчыраковай, якая была амаль месяц таму каля суду Гомельскага раёну, каб ізаляваць гомельскіх актывістаў, ня даць ім паехаць у сталіцу на агульнарэспубліканскую акцыю. Заадно аштрафавалі і журналістку».

Крыніца: Гомель: За салідарнасць з незалежнай журналісткай садзяць на "суткі"