Інфармацыйная акцыя супраць смяротнага пакарання ў Гародні 10 кастрычніка 2017 года. Гарадзенская міліцыя пачала праверку па факце раздачы гарадзенскімі праваабаронцамі 10 кастрычніка,  у Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання, інфармацыйных буклетаў.

"Гарадзенская Вясна" паведамляе,  што 10 кастрычніка гарадзенскія праваабаронцы Уладзімір Хільмановіч, Раман Юргель, Эдвард Дмухоўскі і Віктар Сазонаў пад час "Тыдня супраць смяротнага пакарання" наведалі людныя месцы гораду і раздалі суайчыннікам тысячу буклетаў “Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання”.

Сёння, 18 кастрычніка, усім праваабаронцам патэлефанаваў прадстаўнік Ленінскага РАУС Аляксей Вайцешка і паведаміў, што па факце раздачы ўлётак ідзе службовая міліцэйская праверка. Міліцыя хоча апытаць праваабаронцаў на прадмет распаўсюду інфармацыйных улётак. Ці складзены міліцыяй нейкія адміністрацыйныя пратаколы - пакуль невядома.

Праваабаронцы лічаць такую рэакцыю міліцыі неадэкаватнай і супрацьпраўнай. Замест таго, каб пільнаваць злачынцаў, ці шукаць зніклых людзей, міліцыя выконвае загады па палітычным пераследзе грамадзян. І гэта ў той час, калі ў Гародні на афіцыйным узроўні праводзяцца інфармацыйныя мерапрыемствы па праблематыцы смяротнага пакарання і перспектывах яго адмены.

Крыніца: Міліцыя Гародні зацікавілася раздачай буклетаў супраць смяротнага пакарання