Аляксандр Вайцешык у баранавіцкім судзе 17 кастрычніка ў Баранавічах праходзіць суд над праваабаронцам ПЦ "Вясна" Аляксандрам Вайцешыкам. Яго абвінавачваюць у абразе супрацоўніка міліцыі пры выкананні ім службовых абавязкаў (арт. 23.5 КоАП) і непадпарадкаванні законнаму патрабаванню супрацоўніка міліцыі (два пратаколы па арт. 23.4 КоАП). Справу разглядае суддзя Копач Аксана Аляксандраўна. 

Аляксандр Вайцешык быў дастаўлены ў суд у 14.40. У 14.45 пачаўся разгляд справы.

Абаронца Вайцешыка Карней Пятровіч падаў хадайніцтва на аб'яднанне ўсіх трох пратаколаў у адну справу. Суддзя задаволіла хадайніцтва і абвесціла перапынак на 30 хвілін.

Першы раз Аляксандр Вайцешык быў затрыманы 11 кастрычніка падчас суду над расійскім філосафам Пятром Рабавым. Яго даставілі ў мясцовы ГАУС, дзе на яго склалі два пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях - па арт. 23.5 "Абраза супрацоўніка міліцыі пры выкананні службовых абавязкаў" і 23.4 "Непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы пры выкананні службовых абавязкаў". На наступны дзень павінен быў адбыцца суд, аднак паседжанне перанеслі, бо Вайцешык запатрабаваў прадаставіць яму абаронцу. Другі раз праваабаронцу затрымалі 16 кастрычніка на баранавіцкім вакзале пасля таго, як той хацеў сфатаграфаваць Пятра Рабава. На яго быў складзены яшчэ адзін пратакол па арт. 23.4 КоАП. Ноч да суда Вайцешык правёў у ізалятары.

Крыніца: У Баранавічах судзяць праваабаронцу Аляксандра Вайцешыка