Генеральны пракурор Андрэй Швед 15 кастрычніка паведаміў журналістам, што ў Беларусі за парушэнне грамадскага парадку з 9 жніўня распачата больш за 400 крымінальных спраў.

Эксперты і юрысты “Вясны” ад пачатку масавага пераследу ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту збіраюць і аналізуюць звесткі пра крымінальны пераслед грамадзян. Па стане на 14 кастрычніка праваабаронцы сабралі больш за 300 імёнаў і прозвішчаў такіх людзей з розных гарадоў краіны. 91 чалавек з гэтага спісу на дадзены момант прызнаны палітычнымі зняволенымі.

Увогуле, ад пачатку кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі 2020 года, амаль за пяць месяцы ў краіне заведзена больш за 350 крымінальных спраў супраць удзельнікаў прэзідэнцкай гонкі, актывістаў іх штабаў, удзельнікаў мірных акцый пратэсту, якія адбыліся пасля выбарчай кампаніі.

Крымінальны пераслед з пачатку выбарчай кампаніі. Спіс ад праваабаронцаў "Вясны"

З пачатку кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі 2020 года, амаль за пяць месяцы ў краіне заведзена больш за 350 крымінальных спраў супраць удзельнікаў прэзідэнцкай гонкі, актывістаў іх штабаў, удзельнікаў мірных акцый пратэсту, якія адбыліся пасля выбарчай кампаніі.

Тым не меней, здараецца, што некаторыя крымінальныя справы застаюцца па-за ўвагаю праваабаронцаў. Так, 16 кастрычніка ў Мінску на два гады калоніі агульнага рэжыму быў асуджаны раварыст, якога затрымалі яшчэ 7 жніўня, за два дні да выбараў, калі ён удзельнічаў у роварным прабегу, папулярным у перадвыбарчы час. Міліцыянты спрабавалі затрымаць яго нібыта за адсутнасць люстэрка, але той не падпарадкаваўся і стаў вырывацца.

Праваабаронцы звяртаюцца да ўсіх, чые сваякі, альбо яны самі, праходзяць падазраванымі па крымінальных справах, узбуджаных следчымі органамі за удзел у масавых беспарадках, за арганізацыю або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо за супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў, з просьбаю паведамляць праваабаронцам пра такія справы.

Маніторынг крымінальных спраў, якія маюць палітычную афарбоўку, мае важнае значэння для ацэнкі сітуацыі з парушэннямі правоў чалавека ў час масавых рэпрэсій, а агалоска такога пераследу можа дапамагчы стрымаць магчымыя фальсіфікацыі і выяўляць працэсуальныя парушэнні  пад час следства альбо суда.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі па падазрэнні ў здзяйсненні крымінальнага злачынства,  якое можа мець палітычную афарбоўку, тэрмінова  паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

+375 29 841 39 81

+ 375 17 377 55 40

@ViasnaSOS і @SOSviasna - тэлеграм

Крыніца: Калі вы ці вашыя блізкія зазналі крымінальны пераслед па палітычных матывах – звяртайцеся ў “Вясну”