Беларусь заклікае Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ) пашырыць праектную дзейнасць па аказанні міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Пра гэта заявіў намеснік начальніка ўпраўлення глабальнай палітыкі і гуманітарнага супрацоўніцтва МЗС Беларусі Андрэй Таранда 16 кастрычніка падчас інтэрактыўнага дыялогу з вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека. Мерапрыемства адбылося ў межах працы Трэцяга камітэта 72-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН, паведамляе БелаПАН.

Як паведамляе прэс-служба МЗС, Таранда адзначыў, што гэтая міжнародная тэхнічная дапамога можа быць накіраваная на аказанне садзейнічання ў рэалізацыі першага нацыянальнага плана па правах чалавека ў Беларусі.

У сваім выступленні беларускі дыпламат адзначыў важную ролю УВКПЧ у ажыццяўленні тэхнічнага супрацоўніцтва ў мэтах умацавання нацыянальнага патэнцыялу дзяржаў.

Таранда праінфармаваў аб выніках візіту тэхнічнай місіі УВКПЧ у Беларусь на мінулым тыдні і з задавальненнем адзначыў шматгадовае плённае супрацоўніцтва Беларусі і УВКПЧ у галіне процідзеяння гандлю людзьмі. Прадстаўнік МЗС таксама выказаў надзею на пашырэнне гэтага супрацоўніцтва ў іншых сферах праваабарончай тэматыкі.

Паводле Таранды, маніторынгавая функцыя УВКПЧ будзе мець практычны эфект у тым выпадку, калі яна будзе "мець непрадузяты і непалітызаваны характар". У гэтым кантэксце ён заклікаў у большай ступені абаперціся на працу такіх механізмаў, як спецыяльныя тэматычныя працэдуры, дагаворныя органы па правах чалавека і Універсальны перыядычны агляд Савета ААН па правах чалавека.

Першы нацыянальны план па правах чалавека быў зацверджаны ўрадам Беларусі ў кастрычніку 2016 года. У пастанове Савета міністраў план названы праграмным дакументам, скіраваным на "садзейнічанне выкананню Беларуссю ўзятых міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека, у тым ліку ўдасканаленне заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі". У межах плана прадугледжаная рэалізацыя 100 мерапрыемстваў.

Беларускія праваабаронцы ў цэлым станоўча ацанілі прыняцце дакумента, але адзначылі, што ён пазбаўлены канкрэтыкі.

Крыніца: Беларусь заклікае ААН пашырыць дапамогу для садзейнічання ў рэалізацыі нацыянальнага плана па правах чалавека