Праваабаронцы “Вясны” у межах кампаніі за вызваленне палітычнай зняволенай і вязніцы сумлення Марфы Рабковай сабралі 190 паручальніцтваў беларусаў і беларусак. У хуткім часе паручальніцтвы з хадайніцтвам аб змяненні меры стрымання Марфы будуць перададзеныя ў Следчы камітэт. Гэтая працэдура прадугледжана артыкулам 121 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Асабістае паручальніцтва заключаецца ў прыняцці на сябе годнымі даверу асобамі пісьмовага абавязацельства пра тое, што абвінавачаны, знаходзячыся на волі, не схаваецца ад органа крымінальнага пераследу і суда, не будзе перашкаджаць расследаванню справы або разгляду яго судом і не будзе займацца злачыннай дзейнасцю. 

Валянцін Стэфановіч і Алесь Бяляцкі з паручальніцтвамі за Марфу Рабкову. Фота: spring96.org
Валянцін Стэфановіч і Алесь Бяляцкі з паручальніцтвамі за Марфу Рабкову. Фота: spring96.org

Старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі нагадвае, што міжнародная і беларуская праваабарончая супольнасць расцэньваюць пераслед Марфы Рабковай палітычна матываваным і вельмі абураныя тым, што сябра “Вясны” знаходзіцца ў зняволенні.

“Марфу фактычна трымаюць у закладніцах, таму што абвінавачванне абсурднае і зусім не мае ніякага дачынення да яе дзейнасці”, – падкрэсліў Алесь Бяляцкі.

Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясны”, віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека Валянцін Стэфановіч распавёў, што кампанія па зборы паручальніцтваў з’яўляецца часткай вялікай кампаніі ў падтрымку Марфы, якая праводзіцца беларускімі праваабаронцамі з калегамі з міжнародных праваабарончых арганізацый.

“Мы лічым, што трэба выкарыстоўваць усе магчымасці для таго, каб вызваліць Марфу з-пад варты. Таму мы збіралі гэтыя паручальніцтвы і заклікалі ўсіх далучыцца да кампаніі.

Таксама гэта падтрымка самой Марфы і салідарнасць з ёй. Калі людзі падпісваліся за яе, то разумелі, што ў выпадку невыканання ёй умоваў вызвалення з-пад варты, на іх можа быць накладзены вялікі штраф. І пры такіх умовах ўсе згодныя падтрымліваць Марфу.

Праваабаронцы “Вясны” вельмі радыя, што беларусы таксама далучыліся да кампаніі па вызваленню Марфы. Мы вельмі ўдзячныя за гэта.

Мы ў чарговы раз заклікаем беларускія ўлады вызваліць нашу каляжанку. Як мы ўжо неаднаразова адзначалі, у тым ліку ў заяве Рады “Вясны”, пераслед Марфы мы ўспрымаем як пераслед “Вясны” ў цэлым, таму што Марфа з’яўляецца сябрай і праваабаронцай нашай арганізацыі. Мы настойваем і патрабуем неадкладна яе вызваліць”, – сказаў праваабаронца Валянцін Стэфановіч. 

190 паручальніцтваў за Марфу Рабкову. Фота: spring96.org
190 паручальніцтваў за Марфу Рабкову. Фота: spring96.org

Старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі заявіў, што кампанія за вызваленне Марфы Рабковай працягваецца. У бліжэйшы час плануецца судовае абскарджванне меры стрымання Марфы.

Праваабаронцы “Вясны” вельмі ўдзячныя ўсім, хто далучыўся да кампаніі і паручыўся за нашую каляжанку Марфу Рабкову.

Заявы аб неадкладным вызваленні праваабаронцы "Вясны" Марфы Рабковай:

Рукі прэч ад Марфы, рукі прэч ад "Вясны"!

Заява Рады ПЦ “Вясна” ў сувязі з затрыманнем Марфы Рабковай.

Amnesty International: Марфа Рабкова і ўсе палітвязні павінны быць неадкладна вызваленыя

Amnesty International лічыць, што Марфа Рабкова стала ахвярай пераследу выключна за сваю працу па абароне правоў чалавека і з'яўляецца вязнем сумлення.

Патрабуем неадкладнага вызвалення палітзняволенай, праваабаронцы ПЦ “Вясна” Марфы Рабковай

Супольная заява беларускай праваабарончай супольнасці

Фотафакт. Ніна Багінская паручылася за праваабаронцу "Вясны" Марфу Рабкову

У межах кампаніі паручылася за праваабаронцу "Вясны" вядомая 73-гадовая палітычная актывістка Ніна Багінская. Актывістка лічыць, што ў такія складаныя часы ў Беларусі важна праяўляць салідарнасць з беларусамі, якія пераследуюцца па палітычных матывах, усімі магчымымі спосабамі.

Крыніца: “Марфу фактычна трымаюць у закладніцах”. За праваабаронцу “Вясны” паручыліся амаль 200 чалавек Фота