Шостага кастрычніка пераслед людзей па палітычных прычынах у Беларусі працягваецца. Праваабаронцы "Вясны" збіраюць новыя факты пераследу па ўсёй краіне: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 841 39 81
  • +375 17 377 55 40.
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Як паведамляе "Радыё Рацыя", у Віцебску прайшоў ператрус у незалежнага журналіста Вячаслава Лазарава. Супрацоўнікі міліцыі прыйшлі ў кватэру да маці журналіста-фрылансера, які супрацоўнічае з тэлеканалам “Белсат”, паказалі ёй нейкі дакумент, які амаль 80-гадовая жанчына не паспела нават прачытаць і сказалі, што будуць “шукаць тэхніку”.

Вячаслаў Лазараў жыве асобна, і маці сказала пра гэта міліцыянтам. Але ператрус усё адно правялі, распавёў журналіст:

"Патэлефанавала маці, сказала, што ў нас два супрацоўнікі дома, што абшукваюць. Спачатку яны нават не назваліся, калі ўвайшлі, і толькі потым, калі трапілі ў кватэру, то сказалі, што праводзяць ператрус. Казалі, што шукаюць відэатэхніку, патыліся, дзе я яе захоўваю, дзе што ляжыць, ці ночыў я дома".

Паводле журналіста,  міліцыянты з кватэры нічога не забралі, але і не пакінулі ніякіх дакументаў пра свой візіт. Таму не вядома, ці праводзіўся ператрус у межах нейкай адміністрацыйнай або крымінальнай справы.

Працягваюцца суды над удзельнікамі мірный акцый пратэсту

Адміністрацыйныя справы, заведзеныя на ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту, разглядаюцца ў аўторак, 6 кастрычніка ў раённых судах Мінска і многіх гарадах Беларусі. Большасць працэсаў праходзіць за парушэнне артыкула 23.34 КаАП - удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Некаторых таксама прыцягваюць да адказнасці за непадпарадкаванне міліцыі - арт. 23.4 КаАП.

Крыніца: Пераслед шостага кастрычніка ў Беларусі Дапоўнена