Плакат у падтрымку Алены Танкачовай падчас Паралельнага Форуму грамадзянскай супольнасці ў Мінску Суд Цэнтральнага раёна г. Мінска патлумычыў праваабаронцам, чаму Алене Танкачовай адмоўлена ў скарачэнні тэрміну высылкі з Рэспублікі, а зварот заяўнікоў пакінуты без разгляду МУС.

У матывіровачнай частцы суд спасылаецца на тое, што заяўнікамі ў звароце пастаўлена пытанне аб правах Алены Танкачовай, у той жа час ажыццяўленне заяўнікамі іх права на зварот не павінна парушаць правы, свабоды і законныя інтарэсы іншых асоб.

“Службовым асобам МУС заяўнікамі пры звароце даверанасць на прадстаўленне інтарэсаў Алены Танкачовай не прадстаўленая, адказ намесніка міністра МУС і адказ першага намесніка міністра МУС аб пакіданні звароту без разгляду па сутнасці з прычыны не адпаведнасці патрабаванням п.6 арт. 12 Закона, на думку суда, з'яўляецца законным і абгрунтаваным і дадзены ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Довады заяўнікоў аб тым, што зварот пададзена не ў інтарэсах Танкачовай А.Б., а іх саміх, судом прызнаны неабгрунтаванымі, бо пры разглядзе звароту ў парадку заканадаўства аб звароце грамадзянаў для разгляду зваротаў аб адмене права ўезду Танкачовай А.Б. на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь закранаюць асабістыя інтарэсы і правы ў першую чаргу самой Танкачовай А.Б.”, - пазначаецца ў рашэнні за подпісам суддзі Аляксандра Длужнеўскага.

У тым ліку довады праваабаронцаў аб тым, што іх пазбавілі права звярнуцца з заявай ва ўпаўнаважаны орган для разгляду сітуацыі, якая склалася, суд мяркуе ня абгрунтаванымі, так як яны абвяргаюцца матэрыяламі справы і тлумачэннямі саміх заяўнікаў.

“Так правам на зварот заяўнікі скарысталіся, аднак з прычыны неадпаведнасці зваротаў Закону яны пакінуты без разгляду па сутнасці згодна з патрабаваннямі заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў”, - падкрэсліваецца ў матывіровачнай частцы рашэння суда.

На падставе гэтага суд прыняў рашэнне адмовіць у задавальненні скаргі праваабаронцаў на дзеянні МУС па разгляду калектыўнага звароту. Цяпер яны збіраюцца падаць касацыйную скаргу на рашэнне суда Цэнтральнага раёна ў Мінгарсуд.

Нагадаем, Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка у ліку іншых заяўнікаў звярнуўся ў суд Цэнтральнага раёна г. Мінска са скаргай на дзеянні Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Падставай для скаргі паслужыў адказ на калектыўны зварот ад 4 ліпеня 2017 да міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, у якім утрымлівалася просьба больш чым 50 грамадзян Рэспублікі Беларусь і іншых дзяржаў «у адпаведнасці з п. 22 Палажэння аб парадку ажыццяўлення высылкі замежных грамадзян і асоб без грамадзянства з Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, міжнароднымі дамовамі, для мэтаў устаранення перашкод свабоды перамяшчэння і аднаўлення сям'і скараціць тэрмін забароны ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзянцы РФ Танкачовай Алене Барысаўне і выключыць яе са спісу асобаў, уезд якім забаронены ў Рэспубліку Беларусь у максімальна кароткія тэрміны».

Алена Танкачова з'яўляецца грамадзянскай Расіі, але пражывае ў Беларусі каля 30 гадоў, мае тут нерухомасць і да высылкі - пастаянную працу. На працягу 20 гадоў яна і узначальваемы ёй Цэнтр прававой трансфармацыі аказваюць прафесійную юрыдычную і экспертную падтрымку некамерцыйным арганізацыям Беларусі, а таксама ў сітуацыях з парушэннямі правоў чалавека. Падставай для рашэння ўладаў сталі факты нязначнага перавышэння хуткасці аўтамабілем Танкачовай, зафіксаваныя відэакамерамі.

Алена Танкачова звязвае дэпартацыю са сваёй праваабарончай дзейнасцю. Яна аплаціла ўсе штрафы і тройчы падавала заявы ў МУС на датэрміновае вяртанне, але кожны раз ёй адмаўлялі.

Крыніца: Суд патлумачыў праваабаронцам, чаму датэрміновае вяртанне Танкачовай немагчыма