Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, партнёрская праграма FIDH і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), распаўсюдзіла заяву, у якой выказала “глыбокую занепакоенасць” з нагоды затрымання і судовага пераследу адвакаткі Марыі Калеснікавай Людмілы Казак.

Абсерваторыя падтрымлівае пазіцыцю Праваабарончага цэнтра “Вясна”, які лічыць, што адміністрацыйная справа супраць Казак была распачатая з мэтай перашкодзіць яе працы па справе Калеснікавай і нават пазбавіць яе статуса адваката. 25 верасня Мінскі гарадскі суд разгледзеў скаргу на рашэнне суда Партызанскага раёна Мінска, які абраў арышт у якасці меры стрымання супраць Калеснікавай. У выніку затрымання і судовага пераследу супраць Людмілы Казак яна не змагла прадстаўляць сваю падабаронную ў гэтым пасяджэнні.

Абсерваторыя таксама нагадвае, што 9 верасня былі затрыманыя два іншыя адвакаты, якія ўдзельнічалі ў Каардынацыйнай радзе і абароне яе сябраў. Максім Знак і Ілля Салей былі арыштаваныя і абвінавачаныя па артыкуле 361, ч. 3 Крымінальнага кодэкса. У цяперашні час абодва знаходзяцца ў СІЗА №1 г. Мінска. У знак пратэсту супраць абвінавачанняў Максім Знак распачаў галадоўку.

Абсерваторыя заклікае ўлады Беларусі гарантаваць пры любых абставінах фізічную і псіхалагічную недатыкальнасць Людмілы Казак, Максіма Знака і Іллі Салея і неадкладна і безумоўна вызваліць іх.

Крыніца: Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў асудзіла адвольнае затрыманне і судовы пераследы адвакаткі Людмілы Казак