Праваабаронцам "Вясны" 25 верасня стала вядома аб узбуджэнні двух крымінальных спраў у Беларусі па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса ("Масавыя беспарадкі"). У рамках крымінальных справаў паводле гэтага артыкула затрыманыя 18-гадовы актывіст з Заслаўя Іван Красоўскі і магілёвец Аляксей Пахомаў.  Днём 25 верасня стала вядома, што ў дачыненні да Івана Красоўскага распачатая крымінальная справа. Яго падазраюць у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу — удзел у масавых беспарадках, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або узброеным супрацівам прадстаўнікам улады. Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад пяці да пятнаццаці гадоў.

ivan_krasouski_.png
Іван Красоўскі. Скрыншот з відэа

Іван перастаў выходзіць на сувязь увечары 24 верасня. Ён дамовіўся сустрэцца з сябрамі, але на сустрэчу так і не прыйшоў. Апошні раз напісаў сябрам каля 19 гадзін, што каля яго знаходзяцца невядомыя людзі, і калі ён не прыйдзе, то магчыма, яго затрымалі. Пазней стала вядома, што Івана Красоўскага змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна. Днём 25 верасня стала вядома, што ён затрыманы ў межах крымінальнай справы.

Раней Івана затрымлівалі 12 жніўня на вакзале ў Мінску. Івана моцна збівалі ў РУУС і на Акрэсціна. Яго прымусілі падпісаць шмат папер, сярод якіх — пратаколы, позва ў войска. Іван не меў магчымасці нават убачыць, якія пратаколы ён падпісвае. З Акрэсціна хлопца з траўмамі забрала "хуткая дапамога". На свабодзе Іван апынуўся ў інваліднай калясцы. Суда па падпісаных Іванам пратаколам не было.

Таксама, як паведамляюць магілёўскія праваабаронцы "Вясны", 25 верасня ГУБАЗіК затрымаў у рамках крымінальнай справы паводле арт. 293 Крымінальнага кодэкса магілёўца Аляксея Пахомава. У чым канкрэтна падазраецца Аляксей — пакуль невядома.

Каля 13 гадзін дня да Аляксея Пахомава ў кватэру ўвайшлі супрацоўнікі ГУБАЗіК з пастановай на ператрус і арышт. Пасля ператрусу яго адвезлі ва УУС Магілёўскага аблвыканкама. Адтуль, як паведамілі бацькам, Аляксея Пахомава павезлі ў Мінск.

Крыніца: У Беларусі ўзбудзілі яшчэ дзве крымінальныя справы па "масавых беспарадках"