Марфа Рабкова. Фота з сацыяльных сетак. Увечары 25 верасня правабаронцы "Вясны" Марфе Рабковай было прад'яўленае абвінавачванне па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса - Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванне такой дзейнасці. Яна застаецца па вартай у СІЗА №1 г. Мінска.

З адваката Марфы Рабковай узята падпіска аб неразгалошванні матэрыялаў справы. 

Нагадаем, Марфа Рабкова была затрыманая разам з мужам Вадзімам Жаромскім вечарам 17 верасня і даставілі ў ГУБАЗіК. Пазней у іх кватэры адбыўся ператрус, падчас якога была канфіскаваная камп'ютарная тэхніка, тэлефоны, грошы. 

Днём 18 верасня стала вядома, што Марфа знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання на вул. Акрэсціна, пазней яна была переведзеная ў СІЗА-1 па вул. Валадарскага ў Мінску.

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, Front Line Defenders, Amnesty International і беларускія праваабарончыя арганізацыі выступілі ў падтрымку Марфы Рабковай і з патрабаваннем да ўладаў аб неадкладным яе вызваленні. Яе прызналі палітзняволенай і вязнем сумлення. 

Amnesty International абвясціла тэрміновую акцыю за вызваленне праваабаронцы Марфы Рабковай

Amnesty International абвясціла тэрміновую акцыю, патрабуючы ад беларускіх уладаў неадкладнага вызвалення актывісткі ПЦ “Вясна” Марфы Рабковай.

Крыніца: Праваабаронцы "Вясны" Марфе Рабковай прад'яўленае абвінавачванне