Amnesty International рашуча заяўляе, што беларускія ўлады павінны неадкладна і безумоўна вызваліць праваабаронцу Марфу Рабкову і ўсіх затрыманых у якасці падазраваных у крымінальных злачынствах па ілжывых абвінавачваннях і выключна за ажыццяўленне сваіх правоў чалавека. Яны таксама павінны неадкладна спыніць практыку адвольных арыштаў і незаконнага пазбаўлення волі і ўтрымання затрыманых гадзінамі і нават днямі без сувязі - практыка, якую ўлады шырока выкарыстоўваюць супраць сваіх апанентаў у апошнія тыдні.

Amnesty International лічыць, што Марфа Рабкова стала ахвярай пераследу выключна за сваю працу па абароне правоў чалавека і з'яўляецца вязнем сумлення.

Затрыманне праваабаронцы Марфы Рабковай адбываецца ў кантэксце рэзкага пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. У перыяд выбарчай кампаніі і пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня прайшлі масавыя мірныя акцыі пратэсту, у тым ліку супраць афіцыйных вынікаў галасавання. На працягу ўсяго часу ўлады праводзілі эскалацыйную кампанію супраць апазіцыі і ўсіх нязгодных. Тысячы людзей былі адвольна затрыманыя, пераважная большасць з іх - мірныя дэманстранты альбо мінакі, а шмат хто быў затрыманы ў выніку выкрадання людзьмі ў масках і ў цывільным адзенні.

Паводле незлічоных сведчанняў з першых вуснаў, шырока даступных фота- і відэаматэрыялаў і медыцынскіх дакументаў, многія, калі не ўсе, затрыманыя падвяргаліся катаванням і іншаму жорсткаму абыходжанню. Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна ў Мінску, дзе на момант напісання артыкула знаходзілася Марфа Рабкова, стаў сінонімам практыкі жорсткага збіцця, сэксуальнага гвалту і іншых бесчалавечных альбо прыніжальных для годнасці відах абыходжання і пакарання. Падобна Марфе Рабковай, дзясяткі вядомых актывістаў палітычнай і грамадзянскай супольнасці і іх паплечнікаў былі затрыманыя па надуманых абвінавачваннях, а пасля ўзятыя пад варту ў якасці падазраваных у крымінальных злачынствах.

Усе яны павінны быць неадкладна вызвалены, а ўсе астатнія парушэнні правоў чалавека павінны неадкладна спыніцца, у тым ліку разгоны мірных сходаў, масавыя затрыманні і шырокае жорсткае абыходжанне і катаванні затрыманых.

Крыніца: Amnesty International: Марфу Рабкову і ўсе палітвязні павінны быць неадкладна вызваленыя